Ціханоўская абмеркавала з работнікамі „Беларуськалія” забастоўку на прадпрыемстве
Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, якая вымушана знаходзіцца за мяжой, 19 кастрычніка абмеркавала з работнікамі ААТ „Беларуськалій” пытанні, звязаныя з забастоўкай на прадпрыемстве.
„Шахцёры агучылі праблемы ўмоў і арганізацыі іх працы, а таксама абазначылі сітуацыю з націскам з боку кіраўніцтва прадпрыемства, — паведамляецца ў тэлеграм-канале палітыка. — Работнікі „Беларуськалія” выказаліся, якім чынам забастоўка можа праяўляцца на іх прадпрыемстве максімальна эфектыўна”.
Ціханоўская падзякавала шахцёрам і іншым работнікам прадпрыемства за ініцыятыўнасць і выказала надзею, што іх смеласць „натхніць іншых далучацца да забастоўкі”. Экс-кандыдат у прэзідэнты падкрэсліла, што ўсе дадзеныя па парушэннях на прадпрыемстве, якія дапускаюцца ў дачыненні да работнікаў, „уносяцца ў санкцыйныя спісы”.
Паведамляецца, што ў анлайн-перамовах таксама ўдзельнічалі сузаснавальнікі фонду BySol Андрэй Стрыжак, Аляксандр Падгорны і Яраслаў Ліхачэўскі. Прадстаўнікі фонду падкрэслілі, што „кожны дзень працуюць над аказаннем дапамогі звольненым супрацоўнікам заводаў і прадпрыемстваў”. Таксама яны распавялі пра магчымасць „больш кропкавай падтрымкі з боку прыватных грамадзянскіх ініцыятыў”.
13 кастрычніка Святлана Ціханоўская заявіла, што ва ўладаў ёсць 13 дзён на выкананне трох патрабаванняў: „Лукашэнка павінен абвясціць аб сыходзе. Гвалт на вуліцах павінен спыніцца цалкам. Усе палітвязні павінны быць вызваленыя”. Калі да 25 кастрычніка гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя, „уся краіна мірна выйдзе на вуліцы з Народным ультыматумам”, а 26 кастрычніка „пачнецца нацыянальная забастоўка ўсіх прадпрыемстваў, блакаванне ўсіх дарог, абвал продажу ў дзяржаўных крамах”, папярэдзіла яна.