Ціханоўская: Літва і новая Беларусь знойдуць кансэнсус па пытанні БелАЭС
Літва і Беларусь пасля прыходу да ўлады дэмакратычных сіл „змогуць знайсці кансэнсус” па пытанні аб працы Беларускай АЭС, заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю балтыйскаму інфармагенцтву BNS.
На пытанне, ці варта „новаму дэмакратычнаму ўраду” Беларусі закрыць АЭС з меркаванняў бяспекі і добрасуседства з Літвой, яна адказала: „Не сумняваюся, што пра гэта пойдзе гаворка”.
„У першую чаргу неабходна праверыць бяспеку АЭС у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, — сказала Ціханоўская. — Наколькі мне вядома, такія даследаванні міжнародныя арганізацыі не праводзілі, таму мы не ведаем, як працуе гэтая электрастанцыя (эксперты МАГАТЭ праводзілі комплексную праверку на БелАЭС да фізічнага пуску у жніўні, эксперты САА АЭС інспектавалі станцыю пасля — у кастрычніку. — БелаПАН.). Калі становіцца вядома аб інцыдэнтах, беларускі ўрад кажа, што адключэнне было запланаваным, але мы не ведаем, што адбываецца насамрэч”.
„Ведаеце, нашы дзве дзяржавы, як і іншыя зацікаўленыя бакі, знойдуць кансэнсус наконт гэтага. Але спачатку даследаванні павінны быць праведзены міжнароднымі арганізацыямі”, — дадала яна.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расіі па расійскім праекце ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.
У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС загадана ў 2021 годзе (без указання канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблочнай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.
Самым актыўным крытыкам БелАЭС з`яўляецца Літва. У Вільнюсе перакананыя, што будаўніцтва станцыі вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе.
У пачатку лістапада Літва заблакавала магчымасць камерцыйных паставак беларускай электрычнасці ў сувязі з энергетычным пускам БелАЭС. Латвія салідарызавалася з Літвой і таксама адмовілася ад куплі электраэнергіі з Беларусі.