Ціхая гандлёвая вайна працягваецца



Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра сутнасць прэтэнзій расейскага боку да беларускіх вытворцаў.

Рассельгаснагляд працягвае блакаваць прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў. Днямі стала вядома, што ўведзены абмежаванні на прадукцыю Ашмянскага мясакамбіната і яшчэ аднаго прадпрыемства. Маўляў, прадукцыя не суадносіцца з тымі патрабаваннямі і нормамі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Расеі і ўсяго Еўразійскага саюза. Дарэчы, гісторыя з забаронай беларускай прадукцыі доўжыцца ўжо не адзін год.

Барыс Жаліба: Тут не ўсё так проста, як падае сітуацыю Рассельгаснагляд. Таму што паміж Беларуссю і Расеяй зараз ідзе ціхая гандлёвая вайна. Расейцы скардзяцца на экспансію беларускіх тавараў у Расеі. Маўляў, ствараюць мясцовай прадукцыі нездаровую канкурэнцыю, збіваюць цэны. У сваю чаргу беларусы скардзяцца, што расейцы не дапускаюць да конкурсу на атрыманне расейскіх дзяржаўных заказаў. Гэтыя войны былі, і яны застаюцца. Натуральна, усё гэта пераносіцца на харчовыя тавары. Расея стараецца абмежаваць на сваім рынку і беларускую мясную прадукцыю, і малочную, таму што мы ствараем канкурэнцыю. А канкурэнты ім не патрэбны.

РР: Такая сітуацыя захаваецца?

Барыс Жаліба: Праблему могуць вырашыць толькі на самым высокім узроўні, але, як бачым, расейскае кіраўніцтва на гэта заплюшчыла вочы і робіць выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца. У такім выпадку ў бліжэйшы час нічога не зменіцца.

РР: А як жа добрыя саюзніцкія стасункі?

Барыс Жаліба: Як кажуць, сяброўства сяброўствам, а тытунь у кожнага свой. Ёсць, безумоўна, як быццам незалежны суд Еўразійскай эканамічнай камісіі, але гэтыя механізмы пакуль таксама не працуюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя