Цукровым заводам зноў далі крэдыты пад гарантыі ўрада



Цукровыя заводы зноў атрымаюць гарантыі ўрада па крэдытах, якія выдаюцца на закупку буракоў ураджаю 2023 года ў рамках дзяржаўнага заказу.

Крэдыты будуць выдавацца на тэрмін да аднаго года „Беларусбанкам”. Плата за даванне гарантый урада складзе 0,01% ад сумы крэдыту. Гэта прадугледжана пастановай № 275 ад 21 красавіка, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Пагашаць крэдыты павінны самі арганізацыі або пазабюджэтны цэнтралізаваны інвестыцыйны фонд „Белдзяржхарчпрама”. Калі ўраду давядзецца выканаць гарантыі, то пакрыць выкананне таксама павінен будзе «Белдзяржхарчпрам» са свайго інвестыцыйнага фонду.

Усяго тром цукровым заводам будуць выдзелены крэдыты на суму 144 млн рублёў:

ААТ „Гарадзейскі цукровы камбінат” атрымае крэдыт на 40 млн рублёў,
ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» – на суму 49,5 млн рублёў,
ААТ «Скідальскі цукровы камбінат» – на суму 54,5 млн рублёў.