Цвёрдыя камунальныя адкіды будуць спальваць на Менскай ЦЭЦ-4



На Менскай ЦЭЦ-4 будзе ўсталяваны кацёл па спальванні смецця. Пра гэта паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў. Паводле яго слоў, гэта пытанне прапрацоўваецца Міністэрствам энергетыкі.

– Тое, што ўжо нельга другі раз перапрацоўваць – а гэта каля 45 працэнтаў – неабходна спальваць. Цяпер працуем з Міністэрствам энергетыкі па пытанні ўстаноўкі катла па спальванні смецця на ЦЭЦ-4. Разлікі паказалі, што спальванне каля 200 тысяч тон смецця – гэта эканомія каля 70 мільёнаў кубаметраў газу. Гэта не толькі экалагічны праект. Гэта, натуральна, ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне.

Уладзімір Кухараў паведаміў, што да канца года завершыцца перадпраектная прапрацоўка гэтага пытання. Рыхтуецца праект указа кіраўніка дзяржавы, у якім будуць рэгулявацца пытанні фінансавання гэтага праекта, падаткаабкладання, экалагічных падаткаў.

– Чаму хочам гэта рэалізаваць у першую чаргу ў Менску? Тут гэтая праблема найбольш актуальная. У сталіцы з Менскім раёнам ўтвараецца каля 1,1 млн тон смецця. Мы вывучылі еўрапейскі вопыт. У многіх краінах да 50 адсоткаў смецця спальваецца. Той жа Стакгольм цалкам ацяпляецца за кошт спальвання смецця, яны нават завозяць яго з суседніх краін. А ў нас свайго хапае.

zviazda.by