Турфірмы чакаюць стабілізацыі на валютным рынку
Галоўны рэдактар газеты “Туризм и Отдых” Лілія Кобзік распавядае, як нявызначаная сітуацыя на валютным рынку краіны паўплывала на работу айчынных турыстычных фірмаў.
Лілія Кобзік: Зараз продажы па раннім браніраванні ідуць вельмі слаба, хоць у такі час беларусы цягам апошніх гадоў праяўлялі вялікую актыўнасць. Акцыі набылі папулярнасць, таму што на гэтым можна было добра зэканоміць. Усё гэта адбывалася, пакуль на валютным рынку была стабільнасць. Але ў гэтым годзе з акцыямі вельмі вялікая напруга. Зараз – пара ранніх продажаў тураў на мора, але яны, можна сказаць, прыпыніліся з-за нестабільнасці нацыянальнай валюты. Ёсць аператары, якія валодаюць валютнымі ліцэнзіямі, але маленькія фірмачкі апынуліся ў прымарожаным стане. Яны чакаюць пэўнай стабілізацыі, каб можна было ізноў пачаць прадаваць туры за рублі. Паўтаруся, вялікіх продажаў няма.
РР: Кажуць, што ў некаторых фірмах кошт пуцёўкі ў рублях можа змяніцца на працягу дня.
Лілія Кобзік: Але ж не думаю, што курс вельмі моцна змяняецца. Хоць, натуральна, турфірмы танцуюць ад курса даляра ці еўра. Уся гэтая сітуацыя ўвогуле ставіць пытанне: якім будзе сезон? Таму што турызм – не той прыярытэт ва ўмовах нестабільнай сітуацыі ў краіне, калі апошнія грошы людзі выдаткоўваюць на падарожжы. Хоць ёсць моманты вандроўкі, ад якіх не адмовішся. Напрыклад, чалавеку трэба ляцець па справах ці запланавана паездка да родных. Калі чалавеку трэба ляцець – ён паляціць. Варта адзначыць, што продажы авіябілетаў ідуць, нягледзячы ні на што. Але, паўтаруся, спыніўся агульны нармальны лад турызму, калі людзі маглі зараней забраніраваць сабе пуцёўку і не думаць, што яго сямейны бюджэт ад гэтага пацерпіць. Зараз народ менш думае пра турызм. У людзей іншыя клопаты.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота paperpaper.ru