Турыстычныя арганізацыі просяць аднавіць уязны турызм



Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацыяў даслаў у Міністэрства эканомікі ліст з прапановамі па аднаўленні турызму ў Беларусі. У дакуменце арганізацыя звяртае ўвагу, што, нягледзячы на пандэмію, турыстычны сезон у Беларусі распачаўся. Але шмат якія аб’екты інфраструктуры замарожаныя, і няма планаў па аднаўленні іх працы, паведамляецца на сайце Белсата. У Беларусь і цяпер могуць патрапіць замежнікі, аднак толькі праз 14-дзённы каранцін. Зараз ёсць пастанова Мінзадроўя, згодна з якой тэрмін самаізаляцыі можа быць скарочаны, аднак пад яе трапляе вельмі малая колькасць людзей. Патрэбныя правілы ўезду, узоры медычных дакументаў, правілы аказання медычнай дапамогі замежным турыстам на падставе страховак і іншыя дакументы, – гавораць у заяве саюза. У арганізацыі падкрэсліваюць, што невядома, ці ўвогуле вядзецца нейкая праца па аднаўленні ўязнога турызму.

Гэта не першы зварот саюзу да розных беларускіх ведамстваў. Раней яны пісалі лісты да Мінздароўя і іншых органаў. Паводле падлікаў арганізацыі, турызм у Беларусі страціць праз пандэмію каля чатырохсот мільёнаў беларускіх рублёў.

Фота: ava216.ru