TUT.BY пазбавілі льгот ПВТ па просьбе ДФР
Права на льготы рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” пазбавілі паводле хадайніцтва дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
Як паведамляе tut.by, падставай для гэтага паслужыў ліст ад 17 мая 2021 года за подпісам намесніка старшыні КДК Ігара Маршалава на адрас дырэктара ПВТ Усевалада Янчэўскага.
„У паўтарастаронкавым дакуменце сцвярджаецца, што „падчас вывучэння фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства атрыманыя доказы таго, што з моманту набыцця ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” статусу рэзідэнта ПВТ у 2019 годзе па цяперашні час фарміраванне часткі выручкi ажыццяўлялася за кошт выкарыстання праграмнага забеспячэння трэціх асоб”, — гаворыцца ў паведамленні. — Якія менавіта „доказы” былі атрыманыя, КДК у сваім лісце не ўдакладніў, але папрасіў унесці прадстаўленне ў наглядальны савет і разгледзець пытанне аб страце ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” правы на льготы ў 2019, 2020 і 2021 гадах”.
ПВТ прыняў рашэнне аб страце льгот шляхам галасавання (аднагалосна за — 8 чалавек).
7 ліпеня ў Эканамічным судзе Мінска праходзіць падрыхтоўчае судовае пасяджэнне па іску ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” да адміністрацыі ПВТ. Кампанія просіць прызнаць несапраўдным рашэння наглядальнага савета ПВТ аб страце права на льготы ў 2019—2021 гадах. Паводле хадайніцтва ДФР КДК пасяджэнне праходзіць у закрытым рэжыме.
Партал таксама паведамляе, што ў сувязі з тым, што ў ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” заблакаваныя ўсе рахункі, кампанія не можа больш аплачваць арэнду офіса ў Менску. Раніцай 7 ліпеня супрацоўнікі бізнес-цэнтра Omega Tower знялі з флагштока сцяг tut.by.
18 мая дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правёў вобшукі ў рэдакцыі tut.by, яе рэгіянальных офісах і дома ў супрацоўнікаў партала. Было заяўлена, што ў дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” распачатая справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Затрымана 15 чалавек, у тым ліку генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, галоўны рэдактар Марына Золатава, рэдактар аддзела „Грошы і ўлада” Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова.
Практычна адначасова на падставе звароту Генеральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта tut.by і яго люстраў.
„Генеральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе tut.by. У гэтых матэрыялах змяшчаецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL, — заявіў Мінінфарм. — У адпаведнасці з артыкулам 38 закона аб СМІ ў сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забароненае распаўсюджванне інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю”.
18 чэрвеня стала вядома, што МУС звярнуўся ў суд з заявай аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў партала tut.by і яго акаўнтаў у сацсетках. Як адзначаецца ў заяве, падчас маніторынгу інтэрнэту ў лютым гэтага года на партале і ў сацсетках былі знойдзеныя „матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь”, а пры іх аналізе „выяўленыя прыкметы экстрэмізму”.
У заключэнні Рэспубліканскай экспертнай камісіі адзначаецца, у прыватнасці, што партал tut.by „мэтанакіравана праводзіць самастойную рэдакцыйную палітыку”.
24 чэрвеня суд аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў tut.by быў прыпынены на няпэўны тэрмін.