У 2015 дэвальвацыя беларускага рубля складзе 30%



Пра гэта заявіў былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, каментуючы заявы зробленыя падчас пасяджэння Савета міністраў.

Паводле прагнозаў Мінэканомікі, даляр у 2015 годзе будзе каштаваць 11400 рублёў, а інфляцыю ў Беларусі плануецца ўтрымаць на ўзроўні 12%. Таксама Ермакова паабяцала жорсткую грашова-крэдытную палітыку. Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што, каб спраўдзіўся прагноз, спатрэбяцца новыя крэдыты.

„Калі Беларусь атрымае такія ж пазыкі ад Расеі, як і ў гэтым годзе, то гэта магчыма”, – сказаў ён. – „Але сітуацыя ў Расеі змяняецца ў сувязі з вайной ва Украіне і санкцыямі з боку цывілізаванага свету. І таму наўрад ці Расея зможа даць велізарныя крэдыты для падтрымання сітуацыі. Таму прагноз такі, што, хутчэй за ўсё, дэвальвацыя адбудзецца ў памеры 30% на працягу наступнага года. І інфляцыя будзе вышэй. Бо плацяжы па знешніх пазыках у наступным годзе – 4 мільярды. Адкуль Беларусь возьме крэдыты для выплаты гэтых знешніх пазыкаў у такой велізарнай суме – незразумела”, – кажа Багданкевіч.