У 2015 годзе абяцаюць збудаваць 600 тыс. кв. метраў арэнднага жылля



Задача на сёлета – 300 тысяч квадратных метраў. Урад спрабуе аблегчыць сітуацыю с дэфіцытам жылля, бо ў чэргах на кватэру людзі стаяць яшчэ ад 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Пабудаваць сваімі сіламі не даюць велізарныя працэнты па крэдытах пры невялікіх заробках.

Здымаць на рынку жылля таксама цяжка – кошты на арэнду працягваюць расці. Распавядае кіраўнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль:

– Перспектыва на наступны год – блізу 600 тыс. кв. метраў арэнднага жылля неабходна будзе пабудаваць. Гэтае жыллё складзе канкурэнцыю вольнаму рынку арэнды, каб было магчыма і там кошты прывезці ў нейкую адпаведнасць з рэаліямі, якія звязаны з узроўнем дахода гэтых людзей, якія будуць арэндаваць гэтае жыллё.

Але выбар на карысць арэнды дзяржаўнага жылля аўтаматычна і назаўсёды выключае грамадзяніна з чаргі на атрыманне сваёй кватэры. Найбольш папулярная арэнда ў сталіцы – на адну кватэру прыходзіцца да 300 заявак. А ў сельскіх рэгіёнах сітуацыя іншая – ёсць і пустыя кватэры.

Беларускае Радыё Рацыя