У 2015 “Гроднаінвест” страціў 1,5 мільёны даляраў



Страты рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест” у 2015 годзе склалі паўтара мільёны даляраў, у той час, як 2014 год адзначыўся чыстым прыбыткам, сума якога перавысіла 34 мільёны  даляраў.

Асноўная прычына адмоўных эканамічных паказчыкаў мінулага года – істотнае скарачэнне экспарту, што ў сваю чаргу спавадавала адсутнасць валюты ў рэзідэнтаў “Гроднаінвест”.

Старшыня Гарадзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой лічыць, што нягледзячы на крызісныя з’явы, такая сітуацыя недапушчальная:

– Пры сённяшніх падыходах, падатковых паслабленняў, ільготах, якія існуюць, можна дастаткова паспяхова працаваць і развівацца. Непакоіць, чым займаюцца прадпрыемствы, якія перспектывы іх развіцця, у першую чаргу рынак збыту. Сёння задача СЭЗ максімальна прыцягнуць інавацыйнай прадукцыяй.

У свабоднай эканамічнай зоне “Гроднаінвест” працуе больш за семдзесят прадпрыемстваў з замежным капіталам, якім прадастаўляюцца эканамічныя ільготы. Па выніках мінулагодняй дзейнасці, больш за 40% вытворцаў атрымалі стратныя паказчыкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня