У 2016 банкі накіравалі на дабрачыннасць больш за 12 млн даляраў
У 2016 годзе крэдытныя арганізацыі Беларусі накіравалі на фінансаванне дабрачынных праектаў 24,6 млн рублёў, сведчаць статыстычныя матэрыялы, апублікаваныя Асацыяцыяй беларускіх банкаў.
Найбольшыя сумы ў мінулым годзе на рэалізацыю дабрачынных праектаў у 2016 годзе накіраваў Банк развіцця Рэспублікі Беларусь (10,6 млн рублёў), „Банк ВТБ (Беларусь)” (4,1 млн рублёў), „Беларусбанк” (2,9 млн рублёў) , „Белгазпрамбанк” (2,7 млн рублёў), „Белаграпрамбанк” (каля 1,1 млн рублёў).
Варта зазначыць, што ў параўнанні з 2015 годам першая пяцёрка банкаў, якія фінансуюць найбольш буйныя дабрачынныя праекты, крыху змянілася.
Па выніках 2015 года лідарамі па аб’ёме дабрачыннасці выступалі Банк развіцця Рэспублікі Беларусь (7,5 млн рублёў), „Белгазпрамбанк” (3,3 млн), „Беларусбанк” (3,1 млн), „БПС-Ашчадбанк” (2,3 млн) і „Белаграпрамбанк” (2 млн рублёў).
Такім чынам, статыстычныя звесткі сведчаць, што месца „БПС-Ашчадбанка”, які ў 2015 годзе ўваходзіў у пяцёрку лідараў па аб’ёме фінансавання дабрачынных праектаў, заняў „Банк ВТБ (Беларусь)”. У той жа час „БПС-Ашчадбанк” рэзка знізіў аб’ём фінансавання дабрачынных праектаў — з 2,3 млн дэнамінаваных рублёў да 33,4 тыс. рублёў у 2016 годзе.
Аналітыкі банкаўскага сектара тлумачаць гэтыя змены тым, што ў 2016 годзе прыбытак „БПС-Ашчадбанка” рэзка скараціўся — з 19,6 млн рублёў у 2015 годзе да 2,3 млн рублёў у 2016-м.
Найбольшыя сродкі ў 2016 годзе ў межах рэалізацыі дабрачынных праграм банкі накіравалі на фінансаванне ўстаноў адукацыі і культуры (7,5 млн рублёў), на спартыўную і фізкультурна-аздараўленчую работу (6,1 млн рублёў), ва ўстановы аховы здароўя (5,1 млн рублёў).