У 2017 годзе Эстонія інвеставала ў беларускую эканоміку 33 млн долараў
У 2017 годзе Эстонія інвеставала ў беларускую эканоміку 33 млн долараў, у тым ліку 20,7 млн — гэта прамыя інвестыцыі, паведаміў журналістам 7 лютага ў Менску перад пачаткам беларуска-эстонскага бізнес-форуму генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства „Мінскае аддзяленне БелГПП” Аляксандр Федарчук.
„Гэта сведчыць пра вялікую ўвагу эстонскага бізнесу да інвестыцый у Беларусь. Адзін з прыкладаў — інвестыцыі ў прадпрыемства „Віцебская лесапільня”, прыблізна 10 млн долараў, яшчэ 12-13 млн плануецца асвоіць. Таксама створанае прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы з інвестыцыямі прыблізна 3 млн долараў”, — сказаў Федарчук.
Ён адзначыў важнасць працы тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў у Эстоніі, у тым ліку Аршанскага льнокамбіната і трох прадпрыемстваў з эстонскім капіталам у СЭЗ „Мінск”.
Федарчук назваў высокай цікавасць прадпрыемстваў дзвюх краін да форуму — удзельнічаюць прадстаўнікі 50 беларускіх і 13 эстонскіх. „Гэта прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці, металургіі, транспартна-лагістычныя, мэблевыя, фармацэўтычныя, вытворцы спецыяльнага абсталявання”, — паведаміў ён.
„Кантакты паміж прадпрымальнікамі нашых краін пашыраюцца. І сёння адбудзецца кантактна-кааперацыйная біржа, на якой магчымыя новыя пагадненні”, — сказаў кіраўнік аддзялення БелГПП.
У сваю чаргу кіраўнік Йыхвіскага прадстаўніцтва Эстонскай ГПП Маргус Ільмярв адзначыў, што „цікавасць эстонскага бізнесу да Беларусі пастаянна расце”. „Калі мы прыязджалі ў Менск год таму, з намі прыехала дэлегацыя з 10 бізнесменаў. Сёння ў форуме і біржы ўдзельнічаюць ужо 24 чалавекі. Усе 13 эстонскіх фірм прыехалі ў Менск з канкрэтнымі прапановамі для супрацоўніцтва. Яны хочуць знайсці ў Беларусі субпадрадчыкаў, або купляць кампаненты для сваіх вытворчасцяў, або прадаваць свой тавар”, — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва.
У лістападзе 2016 года ў Менску адбыўся першы беларуска-эстонскі бізнес-форум. У лютым 2017 года беларускую сталіцу наведалі прадстаўнікі Эстонскай гандлёва-прамысловай палаты. У жніўні 2017 года адбыўся візіт у Беларусь групы эстонскіх прадпрымальнікаў пад эгідай Міжнароднай гандлёвай палаты (ICC). У верасні 2017 года дэлегацыя буйных прадпрымальнікаў Эстоніі ўзяла ўдзел у пасяджэнні асамблеі Міжнароднага кангрэса прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў у Мінску.
belapan.by