У 2017 у Беларусі звольнілі амаль 700 тысяч чалавек



Беларускія прадпрыемствы ў 2017 годзе звольнілі амаль 700 тысяч чалавек. Працаўладкавалася на 41 тысячу чалавек менш. У Беларусі працягваюць звальняць работнікаў актыўней, чым прымаць на працу. У мінулым годзе прадпрыемствы звольнілі 694,3 тысячы чалавек, а працаўладкавалі на 41,1 тысячы менш, паведамляе TUT.BY. У 2016 годзе звольненых было амаль 720 тысяч. Новую працу знайшлі на 100 тысяч чалавек менш.

Эканаміста і прадпрымальніка Льва Марголіна такая тэндэнцыя не здзіўляе:

– Безумоўна, колькасць працоўных месцаў ужо некалькі год скарачаецца ў нашай краіне прыкладна на 50-70 тысяч працоўных месцаў. Гэта не мае нічога супольнага з колькасцю беспрацоўных, не ўсе яны ідуць на біржу рэгістравацца, бо гэта не мае ніякага практычнага сэнсу. Яны шукаюць працу, але яны шукаюць працу самі.

Беларускія чыноўнікі ў рамках увядзення Дэкрэта №1, які мае стэмуляваць занятасць насельніцтва пераконваюць, што знайсці працу у Беларусі сёння можа кожны ахвотны.

Гэта сапраўды так, кажа Леў Марголін, толькі прапанаваная праца не заўсёды можа забяспечыць патрэбы людзей, як з фінансавага так і маральнага боку, напрыклад, былы настаўнік не пойдзе працаваць кіроўцам.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя