У 2018 годзе экспарт беларускай сельгаспрадукцыі вырас на 5,3%
У 2018 годзе экспарт беларускай сельгаспрадукцыі вырас на 5,3% у параўнанні з папярэднім годам, паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц у інтэрв’ю „Сельской газете”, апублікаваным 14 лютага.
„За 2018 год мы прадалі каля 320 тысяч тон мяса і мясапрадуктаў, каля 4 млн 200 тысяч тон малака — на 233 тысяч больш, чым у 2017-м. Выручылі 5,2 мільярда даляраў ЗША, што на 260 мільёнаў даляраў больш”, — удакладніў міністр.
Ён нагадаў, што кіраўніком краіны пастаўленая задача — „па выніках працы за 2020 год паставіць на экспарт прадукцыі на суму не менш як 6,2 мільярда даляраў ЗША”.
„Як вядома, пракладзеная экспартная дарожка ў Кітай, у 2018 годзе туды прадалі прадуктаў на 82,4 мільёна даляраў: 186 тысяч тон малака і малочных прадуктаў, каля 2 тысяч тон мяса. У нас 51 малочнае прадпрыемства, 2 мясакамбінаты, 5 птушкафабрык маюць магчымасць наўпрост пастаўляць прадукцыю на кітайскі рынак”, — сказаў Заяц.
Паводле яго слоў, у краіны СНД (без уліку Расеі) у мінулым годзе экспартавана сельгаспрадукцыі больш чым на 500 млн даляраў, што на 39,2% працэнта больш, чым у 2017 годзе. Экспарт у краіны Азіі вырас у цэлым у 2,2 разу.
„І ў Еўрапейскі звяз адгрузілі на 234 мільёны даляраў, павялічыўшы аб’ёмы ў 1,7 разу. Далёкае замежжа — выручка 519 мільёнаў. Краіна напрацавала рынкі рэалізацыі прадукцыі і працягвае іх актыўны пошук. 95 краін знаёмыя з нашым харчаваннем”, — падкрэсліў кіраўнік Мінсельгасхарча.
belapan.by