У 2018 годзе ў санаторыях Беларусі адпачылі больш за 220 тыс. чалавек з 20 краін



У 2018 годзе, паводле аператыўных звестак, экспарт паслуг беларускіх санаторыяў вырас на 11%, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 17 снежня дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

У здраўніцах адпачылі 220 тыс. жыхароў 20 краін (летась — 208 тыс.). Сума выручкі за дадатковыя платныя паслугі вырасла з 66 млн да 100 млн рублёў.

Усяго ж у 2018 годзе ў санаторыях Беларусі адпачылі 1 млн 350 тыс. чалавек, на 20% больш, чым у 2017-м.

З іх больш за 700 тыс. прайшлі аздараўленне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. На гэтыя мэты цэнтру было выдзелена 190 млн рублёў, 80% якіх пайшло на аздараўленне дзяцей.

На найбліжэйшыя навагоднія святы ўсе пуцёўкі ў беларускія санаторыі раскупленыя, паведаміў Балбатоўскі. Паводле яго слоў, попыт на зімовы адпачынак у здраўніцах расце штогод, а на Новы год стаў ажыятажным.

У асноўным пуцёўкі набываліся на 12—14 дзён. Навагоднія заезды запланаваныя з 24 снежня па 13 студзеня. Сярэдняя цана стандартнага нумара на двух чалавек складае 58 рублёў на чалавека. Кошт навагодняга стала — прыблізна 100 рублёў.

„Навагоднія святы ў беларускіх санаторыях правядуць больш за 10 тыс. іншаземцаў, большасць з якіх расіяне”, — адзначыў Балбатоўскі.

Ён нагадаў, што ў краіне працуе 105 санаторыяў на 28 тыс. месцаў.

Кожны год у Беларусі з’яўляецца новая здраўніца, сказаў Балбатоўскі. „Цяпер інвестара не трэба ўгаворваць укладваць грошы ў санаторна-куротны бізнес, таму што попыт на гэтыя паслугі пастаянна расце”, — канстатаваў ён.

Акрамя таго, сказаў кіраўнік цэнтра па аздараўленні, падчас школьных канікул, з 24 снежня па 6 студзеня, плануецца аздаравіць больш за 666 тыс. дзяцей. На гэта цэнтр выдзяляе 1 млн 600 тыс. рублёў.

У 2019 годзе па лініі Саюзнай дзяржавы плануецца аздаравіць прыкладна 400 дзяцей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, і прыблізна 100 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікаў баявых дзеянняў.