У 2019 годзе ў Беларусі прадалі 555 аб’ектаў дзяржаўнай нерухомасці



У 2019 годзе ў Беларусі было прададзена 555 аб’ектаў дзяржаўнай нерухомасці за больш як 19 млн рублёў, паведаміла 5 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення распараджэння маёмасцю Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Ірына Далгова.

Паводле яе інфармацыі, у папярэднія гады гэтая сума складала 14 млн рублёў. Пры гэтым летась кошт 70% выстаўленых на продаж аб’ектаў быў альбо зніжаны на 80%, альбо складаў адну базавую велічыню. „У планах на 2020 год прадаць 370 аб’ектаў за адну базавую велічыню”, — адзначыла Далгова.

„Было шмат нараканняў, што пры продажы за адну базавую велічыню выстаўляецца шмат умоў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. У новым указе № 169 „Аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю”, які ўвайшоў у сілу 15 лістапада 2019 года, прапісана: каб дагавор быў прызнаны выкананым, дастаткова выканаць адну з умоў — або ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці, або перавод набытай маёмасці ў жылое памяшканне, або знос”, — растлумачыла прадстаўнік Дзяржкаммаёмасці.

Пры гэтым ёсць пэўныя абмежаванні — не ўсе аб’екты могуць стаць жылымі, не ва ўсіх можна ажыццяўляць любыя віды вытворчай дзейнасці.

Далгова заўважыла, што калі раней пры продажы з аўкцыёну можна было зніжаць першапачатковы кошт паэтапна — на 20, 50 і 80%, то згодна з новым указам можна знізіць цэны адразу на 50%. „Мы змяншаем колькасць крокаў паніжэння, таму што, паводле статыстыкі, больш за ўсё аб’ектаў прадаецца па кошце, зніжаным на 80%. Не губляецца час на правядзенне аўкцыёнаў, павялічваецца аператыўнасць продажу аб’ектаў”, — сказала яна.

Паводле інфармацыі старшыні камітэта дзяржаўнай маёмасці Мінгарвыканкама Галіны Сцепурэнкі, у сталіцы ў 2019 годзе ад распараджэння дзяржмаёмасцю было атрымана 127,6 млн рублёў. „Гэта сродкі ад аперацый з маёмасцю, паводле вынікаў аўкцыёнаў рэалізацыі права арэнды зямельных участкаў пад праектаванне і будаўніцтва, правы арэнды, сама арэнда, продаж маёмасці, дывідэнды”, — паведаміла Сцепурэнка.

Пры гэтым яна заўважыла, што кожны год мяняецца доля ўкладу ад тых ці іншых здзелак. „Напрыклад, ад здачы ў арэнду ўдзельная вага прырасла паводле вынікаў мінулага года. Больш за 22% паступленняў прыпала на плату за права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў. Паспяховае правядзенне такіх аўкцыёнаў прывяло да скарачэння вольных зямельных участкаў у Менску”, — адзначыла старшыня камітэта.

Паводле яе слоў, сёлета даведзенае заданне на 5% павялічыць паступленні ў бюджэт ад распараджэння дзяржмаёмасцю.

belapan.by