У 2019 годзе ў Беларусі плануюць здабыць 1 млн 760 тыс. тон нафты
У 2019 годзе ў Беларусі плануюць здабыць 1 млн 760 тыс. тон нафты, паведаміў 19 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель.
Паводле яго слоў, штогод у Беларусі здабываюць 1 млн 650 тыс. тон нафты. „Гэтая лічба можа мяняцца, але нязначна — плюс або мінус 20 тыс. тон. У 2018 годзе „Беларусьнафта” паставіла сабе задачу здабыць 1 млн 670 тыс. Асноўная, агульнарэспубліканскага значэння, задача заключаецца ў тым, каб штогадовы прырост запасаў быў роўны або большы за аб`ёмы, што здабываюцца. У 2017 годзе гэта нам удалося дасягнуць, і на гэты год пастаўленая такая задача”, — адзначыў Хмель.
Чыноўнік паведаміў, што летась ў Беларусь было імпартавана 18 млн тон нафты на 5,4 млрд долараў. „Мы разумеем, што імпарт нафты займае больш за 50% у аб`ёме імпарту рэсурсаў. Гэта галоўны рэсурс з улікам нашых нафтаперапрацоўчых магутнасцяў”, — сказаў Хмель. „Радовішчам вуглевадародаў сёння надаецца найбольшая ўвага ў Беларусі ў сувязі з тым, што беларуская эканоміка найбольш залежная ад гэтага віду рэсурсаў. У нас зараз 83 радовішчы нафты, і распрацоўваецца яшчэ 61”, — праінфармаваў намеснік міністра.
Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці супастаўныя сабекошт здабычы беларускай нафты і кошт імпартаванай з Расіі, Хмель заўважыў, што гэтыя звесткі з`яўляюцца камерцыйнай тайнай „Беларусьнафты”. „Але мы ўпэўненыя, што здабыча рэнтабельная, наша нафта прадаецца па сусветных цэнах на біржах. „Беларусьнафта” таксама мае магчымасць укладваць значныя сродкі ва ўкараненне сучасных тэхналогій здабычы і ў геалагічную выведку”, — падкрэсліў Хмель.
belapan.by