У 2019 годзе ў Беларусі скараціўся аб’ём здзелак на рынку каштоўных папер



У 2019 годзе ў Беларусі аб’ём здзелак на рынку каштоўных папер склаў 29,77 млрд рублёў і скараціўся на 0,4% у параўнанні з папярэднім годам, сведчаць звесткі дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў.

Пры гэтым асноўны аб’ём аперацый на рынку каштоўных папер прыпаў на аблігацыі. Так, аб’ём рынку аблігацый склаў 29 млрд рублёў і скараціўся на 0,5% у параўнанні з 2018 годам.

У той жа час аб’ём здзелак з акцыямі ў Беларусі, у адрозненне ад развітых краін, застаецца нязначным. У 2019 годзе аб’ём аперацый на рынку акцый склаў 766,6 млн рублёў і павялічыўся на 6,7% у параўнанні з папярэднім годам. На аперацыі з акцыямі прыпадае менш як 3% рынку каштоўных папер.

На думку Мінфіна, нязначны аб’ём аперацый з акцыямі абумоўлены тым, што асноўным уладальнікам гэтых каштоўных папер з’яўляецца дзяржава.

Уласнік прыблізна 90% акцый у Беларусі — дзяржава, заявіў дырэктар дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Аляксей Красінскі, выступаючы восенню мінулага года на семінары аб рынку каштоўных папер, які арганізавала Беларуская валютна-фондавай біржы.

Ён канстатаваў, што ў краіне больш за 4 тыс. акцыянерных таварыстваў, аднак аперацыі на рынку акцый вылічаюцца ўсяго толькі ў сотнях мільёнаў рублёў.

Нізкую актыўнасць на гэтым рынку Красінскі растлумачыў тым, што ўласнікам акцый, які дамінуе, з’яўляецца дзяржава. „У нас ёсць адзіны акцыянер, у якога сканцэнтравана прыблізна 90% усіх акцый, што знаходзяцца ў абарачэнні. На фоне гэтага чакаць, што аб’ём таргоў на рынку акцый будзе значным, не выпадае”, — сказаў Красінскі.

Паводле яго слоў, адным з асноўных бар’ераў на шляху развіцця рынку акцый з’яўляецца тое, што выканкамы маюць пераважнае права набыцця акцый шэрагу акцыянерных таварыстваў. „Гэтая праблема доўгі час існуе, мы ўсяляк ініцыюем вырашэнне гэтага пытання, але па-ранейшаму такое права застаецца. Разлічваць на актыўнае набыццё акцый замежнымі інвестарамі пры захаванні такога права занадта аптымістычна”, — лічыць прадстаўнік Мінфіна.

belapan.by