У 2019 продаж валюты насельніцтвам скараціўся на паўмільярда даляраў



У 2019 годзе чысты продаж валюты насельніцтвам Беларусі скараціўся на 517 млн даляраў, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

Так, за студзень—снежань фізічныя асобы прадалі наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты на 9 млрд 763,3 млн даляраў, а купілі — на 9 млрд 165,6 млн даляраў ЗША (у эквіваленце). Такім чынам, за год насельніцтва на чыстай аснове прадало банкам замежнай валюты на 597,7 млн долараў больш, чым купіла.

Паводле вынікаў 2018 года гэты паказчык быў на паўмільярда большы — 1 млрд 115 млн даляраў.

Чысты продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі за 2019 год склаў 1 млрд 418 млн даляраў. За 2018 год гэты паказчык таксама быў больш значным — складаў 1 млрд 738 млн даляраў.

Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года, але ў 2019-м продаж прыкметна знізіўся.

Спецыялісты Нацбанка раней звярнулі ўвагу, што істотная чыстая прапанова замежнай валюты, якая назіралася летась, стварала перадумовы для ўмацавання беларускага рубля.

Акрамя таго, адзначае рэгулятар, чысты продаж замежнай валюты з боку насельніцтва з’яўляецца адным з фактараў павелічэння золатавалютных рэзерваў.

Згодна з папярэднімі звесткамі, золатавалютныя рэзервы Беларусі паводле вынікаў 2019 года павялічыліся на 2,2 млрд даляраў ЗША (на 31,2%) і дасягнулі рэкордных 9,4 млрд долараў.

belapan.by