У 2020 годзе трэба заплаціць усходнім крэдыторам больш за 5 млрд рублёў



Больш за 85% выдаткаў Беларусі па абслугоўванні і пагашэнні знешняга дзярждоўгу будуць звязаныя ў 2020 годзе з выплатамі на карысць усходніх крэдытораў. Гаворка ідзе пра Расею, Кітай і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця.

Як паведамлялася, расходы дзяржавы па пагашэнні і абслугоўванні знешняга дзярждоўгу ў 2020 годзе складуць 6 млрд рублёў.

Паводле інфармацыі БелаПАН, Расеі Беларусь у будучым годзе павінна вярнуць 2,8 млрд рублёў. Акрамя гэтага, плацяжы на карысць Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, ключавыя рашэнні ў якім прымае расійскі Мінфін, складуць 1,08 млрд рублёў. Таксама ў 2020 годзе 1,3 млрд рублёў Беларусь павінна будзе накіраваць на пагашэнне і абслугоўванне кітайскіх крэдытаў, яшчэ 0,7 млрд рублёў накіраваць Сусветнаму банку і інвестарам, якія купілі на знешніх фінансавых рынках беларускія аблігацыі.

У 2019 годзе Беларусь планавала рэфінансаваць частку плацяжоў па дзярждоўгу за кошт прыцягнення расійскага фінансавання, аднак не змагла гэтага зрабіць.

Расейскі крэдыт на 600 млн даляраў, які запытвала Беларусь, у Менск не паступіў. Таксама ў Беларусь у гэтым годзе не паступіў транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 200 млн даляраў. Вылучэнне ўсіх гэтых сродкаў расейскі ўрад звязваў з падпісаннем дакументаў па паглыбленні эканамічнай інтэграцыі з Беларуссю.

На думку эканамістаў, Беларусі варта зніжаць фінансавую залежнасць ад Расеі.

„Адыходзячы год паказаў, што фінансавыя рызыкі, якія зыходзяць з Расеі, рэалізаваліся. Беларусь не атрымала ад Расіі крэдытаў, на якія разлічвала. Адпаведна, час паказаў, што неабходна дыверсіфікаваць крыніцы фінансавання”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Згодна з ацэнкай Даследчага цэнтра ІПМ, калі Расея не кампенсуе Беларусі страты, выкліканыя падатковым манеўрам, валютныя паступленні нашай краіны ў 2019—2024 гадах могуць скараціцца на 9,2 млрд даляраў.

Для фінансавання недаатрыманых даходаў бюджэтаў неабходна знайсці танныя і доўгія грошы, мяркуе Чубрык.

„Відавочна, атрымаць такое фінансаванне мы можам у МВФ, які да таго ж гатовы фінансава падтрымаць структурныя змены па павышэнні эфектыўнасці беларускай эканомікі”, — лічыць Чубрык.

belapan.by