У Адэсу прыбыў другі танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі
У Адэсу 15 сакавіка прыбыў другі танкер з 80 тысячамі тон азербайджанскай нафты для Беларусі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка.
„Другі танкер з азербайджанскай нафтай прышвартаваўся ў адэскім порце Паўднёвы і стаў на сліў”, — сказаў Цішчанка.
Паводле яго слоў, перапампоўка азербайджанскай нафты з першага танкера ў напрамку Мазырскага НПЗ па трубаправодзе Адэса — Броды ўжо пачалася, сыравіна паступіць на завод на гэтым тыдні.
Як паведамлялася, першы танкер з азербайджанскай нафтай для Мазырскага НПЗ прыбыў у Адэсу 12 сакавіка. Ён быў загружаны 90 тысячамі тон нафты Azeri light у турэцкім порце Джэйхан 6 сакавіка. Нафту ў Беларусь пастаўляе Дзяржаўная нафтавая кампанія Азербайджана (SOCAR). У Беларусі разлічваюць, што сёлета SOCAR паставіць танкерамі да 1 млн тон нафты для Мазырскага НПЗ.
Цішчанка таксама паведаміў, што 17 сакавіка „чакаецца прыбыццё ў Клайпеду яшчэ аднаго танкера нафты, набытай у трэйдараў”. Прэс-сакратар не сказаў, у якой менавіта кампаніі набытая нафта.
У сакавіку цераз порт Клайпеды чатырма танкерамі ў Беларусь будзе пастаўлена 320 тыс тон нафты, купленай у трэйдараў. Раней паведамлялася аб куплі ў сакавіку двух танкераў (160 тыс. тон нафты) у трэйдараў з перевалкой ў Клайпедскім порце. Першы з іх прыбыў у порт 4 сакавіка. Нафта затым пастаўляецца па чыгунцы ў ААТ „Нафтан”.
„Белнафтахім” закупляе нафту ў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў на фоне рознагалоссяў па цане з буйнымі расійскімі кампаніямі. Нават у выпадку нармалізацыі паставак з Расіі Беларусь мае намер штомесяц купляць мінімум два танкеры альтэрнатыўнай нафты, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас пасля сустрэчы з расійскім калегам Міхаілам Мішусціным 11 сакавіка ў Маскве.
„Беларусь прыняла рашэнне, што ўсё роўна мінімум па адным танкеры на кожны завод у месяц мы будзем браць незалежна ад таго, дамовімся мы з Расійскай Федэрацыяй ці не, таму што пытанні эканамічнай бяспекі, пытанні дыверсіфікацыі паставак абмеркаваныя, рашэнні прынятыя. Пытанне толькі ў тым, будзем мы браць шмат гэтай альтэрнатыўнай нафты, як мы сёння бяром, ці гэта будуць мінімальныя партыі для таго, каб мы разумелі і адчувалі рынак”, — сказаў Румас.
Фота: Pixabay