У адміністрацыю „Экспабел” пададзеныя 70 заяваў ад прадпрымальнікаў



70 прадпрымальнікаў гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Экспабел» (Менскі раён) 30 красавіка падалі ў адміністрацыю заявы з просьбай аб зніжэнні арэнднай платы, паведаміла БелаПАН адна з арандатараў.

«Сёння мы падалі і зарэгістравалі нашы заявы, прачакаўшы ў адміністрацыі 50 хвілін. Адміністрацыя была незадаволеная, але ў нас іх прынялі, паставілі пячаткі. Мы папрасілі даць адзін агульны адказ адной прадпрымальніцы. Адміністратар, а не дырэктар, кажа: скасоўвайце дагаворы арэнды, калі не задавальняе», – сказала суразмоўніца БелаПАН.

Пры гэтым яна адзначыла, што ІП пры датэрміновым скасаванні дагавора будуць вымушаныя заплаціць пеню і не атрымаюць назад перадаплату за арэнду. «Кажуць, што яшчэ страцім і сваё гандлёвае абсталяванне, хаця правоў уласнасці ў адміністрацыі на яго няма. Кажуць, пакуль не разлічыцеся за арэнду, ніхто вам нічога не аддасць. Людзі ў крытычнай сітуацыі, некаторыя па месяцы-два не плацілі арэнду, таму што выручкі няма», – адзначыла прадпрымальніца.

На яе думку, пасля заканчэння тэрміну дагавораў арэнды ў чэрвені шматлікія ІП не змогуць іх працягнуць. Яна падкрэсліла, што гэта ўжо не першая спроба дамовіцца з адміністрацыяй аб зніжэнні арэнднай платы.

22 красавіка каля 200 арандатараў прыйшлі да будынка адміністрацыі ТРЦ з патрабаваннем знізіць арэндную плату. Прадстаўнікі адміністрацыі паведамілі, што ім трэба два дні для разгляду заявы арандатараў.

24 красавіка на паўторных перамовах з адміністрацыяй гандлёвага-забаўляльнага аб’екта ІП не ўдалося знайсці кампраміс у пытанні зніжэння кошту арэнды плошчаў.

Як заявіў БелаПАН старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, прадпрымальнікі прынялі правільнае рашэнне яшчэ раз падаць заявы. «Выйшаў указ прэзідэнта № 143 «Аб падтрымцы эканомікі». Там ёсць пункт 11, згодна з якім рэкамендавана ў плане арэнды і ў залежнасці ад выручкі арандадаўцам ісці прадпрымальнікам насустрач. Цяпер будзе цікава, што адкажа адміністрацыя рынку. Паглядзім, наколькі адміністрацыя рынку будзе ўлічваць пазіцыю прэзідэнта краіны. Гэта будзе паказальны момант», – лічыць кіраўнік абʼяднання прадпрымальнікаў.

БелаПАН