У адносінах «Гродна Азот» і «Гродна Хімвалакно» ЗША змякчылі санкцыі
Найбуйнейшыя гарадзенскія прамысловыя прадпрыемствы «Гродна Азот» і «Гродна Хімвалакно» застануцца пад санкцыямі ЗША, але ў больш мяккай форме. Гэта вынікае з паведамлення Міністэрства фінансаў ЗША, якое заявіла аб працягу і адначасовым частковым змякчэнні санкцый да 30 красавіка 2016 году ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Намеснік старшыні Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч кажа, што памякчэнне санкцый найперш можа палепшыць становішча на прадпрыемстве «Гродна Хімвалакно»:
– Калі я сустракаўся з цяперашнім дырэктарам Канстанцінам Маянавым, ён некалькі разоў згадваў падчас нашых сустрэчаў пра гэтыя санкцыі. Каб яны былі б знятыя, то можа і лепш працавалі прадпрыемствы, у першую чаргу гэта тычыцца «Хімвалакна», хоць цяпер гэта фактычна адно прадпрыемства разам з «Азотам». Менавіта прадукцыя «Хімвалакна» ішла на экспарт у Злучаныя Штаты, натуральна, што ад санкцыяў цярпела эканоміка прадпрыемства.
У санкцыйны спіс ЗША таксама уваходзяць «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», канцэрн «Белнафтахім», «Белшына», «Лакафарба», «Нафтан» і «Полацк Шкловалакно». Уся ўласнасць гэтых прадпрыемстваў застаецца заблакаванай, але транзакцыі дазволеныя. Санкцыі былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта ЗША Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 году ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя