У „базу дармаедаў” трапіла каля 500 тыс. чалавек



У базу дадзеных не занятых у эканоміцы грамадзян краіны трапіла каля 500 тыс. чалавек, паведаміла ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” міністр працы і сацабароны Ірына Касцевіч. 

Яна нагадала, што база дадзеных запрацавала 1 снежня. „База сфарміравана і запушчана ў доследную эксплуатацыю. У яе ўнесены наступныя дадзеныя: прозвішча, імя, імя па бацьку, дата і год нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар канкрэтнага чалавека і канкрэтны нумар знаходжання чалавека, рэгістрацыя па месцы жыхарства”, — патлумачыла міністр.

Паводле яе слоў, для таго каб атрымаць інфармацыю, ці патрапіў той ці іншы чалавек у базу, ёсць некалькі спосабаў: праз Адзіны партал электронных паслуг у „асабістым кабінеце” з дапамогай электроннага лічбавага подпісу фiзiчнай асобы (платнае атрыманне), з дапамогай пароля і лагіна праз службу „адно акно” (бясплатна). Таксама ў сярэдзіне лютага наступнага года ў жыроўках па аплаце жыллёва-камунальных паслуг будзе размешчана інфармацыя аб тым, што плацельшчык з 1 студзеня 2019 года цалкам пакрывае кошт падагрэву вады. Акрамя таго, камісіі будуць даваць такія звесткі і па тэлефоне або падчас асабістага прыёму. „Не выключаем, што будзем накіроўваць і лісты”, — заўважыла міністр.

Яна запэўніла, што асабістыя звесткі аб тых, хто знаходзіцца ў базе дадзеных, будуць даступныя непасрэдна самому чалавеку, які трапіў у яе, членам камісіі і „абмежаванаму колу” супрацоўнікаў міністэрства. „Яны будуць рыхтаваць штотыднёвую аналітычную інфармацыю, як будуць працаваць камісіі, наколькі актыўна самі грамадзяне звяртаюцца ў камісію”, — сказала Касцевіч.

Паводле яе слоў, база на першым этапе будзе абнаўляцца штоквартальна. „Па меры развіцця рэсурсаў будзем пераходзіць на штомесячнае абнаўленне, а потым і на анлайн. Гэта залежыць ад таго, як хутка і актыўна будзе развівацца інфармацыйны рэсурс”, — адзначыла кіраўнік ведамства.

Касцевіч паведаміла, што ў краіне працуе 146 камісій з 1 чэрвеня 2018 года. У іх за апошнія тры месяцы звярнулася каля 5 тыс. чалавек, 70% з якіх — для аказання ім дапамогі ў працаўладкаванні. 2 тыс. чалавек атрымалі накіраванні на працу, 2 тыс. накіраваны ў службу занятасці для накіравання на працу і перападрыхтоўку. „У прынцыпе людзі звяртаюцца і непасрэдна ў службу занятасці. За 10 месяцаў 170 тыс. чалавек прыйшлі ў службу занятасці. З іх 130 тыс., або 70%, было працаўладкавана”, — расказала Касцевіч.

Яна таксама заўважыла, што многія звяртаюцца да электроннага банка вакансій, а з сярэдзіны снежня ў Менску запускаецца праект па электронным кірмашы вакансій.

Пасля пратэстаў, якія пракаціліся па краіне ў лютым—сакавіку 2017 года супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” (так званы дэкрэт аб дармаедах), дакумент быў скарэкціраваны, але не адменены. 25 студзеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 „Аб змяненні дэкрэта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Гаворка ідзе пра папраўкі ў дэкрэт „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

belapan.by