У Беларусь не будуць пастаўляцца бензін, дызпаліва і мазут з Расеі



Міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак пацвердзіў, што з лістапада 2018 года да канца 2019-га ў Беларусь не будуць пастаўляцца цёмныя нафтапрадукты.

„Што тычыцца аўтабензіну, дызельнага паліва, мазуту — у індыкатыўным балансе прадугледжаныя нулявыя паказчыкі”, — цытуе чыноўніка ТАСС.

Індыкатыўны баланс быў падпісаны 10 кастрычніка на сустрэчы Новака і віцэ-прэм’ера РФ Дзмітрыя Казака з намеснікам старшыні беларускага Саўміна Ігарам Ляшэнкам.

Афіцыйны прадстаўнік Дзмітрыя Казака ў той жа дзень заявіў, што новыя пагадненні выключаюць магчымасць „шэрых” схем у пастаўках нафтапрадуктаў у рамках Саюзнай дзяржавы, з-за якіх бюджэт РФ недаатрымліваў даходы. Раней Беларусь рээкспартавала нафтапрадукты, якія атрымліваюцца з Расеі, а цяпер такой магчымасці ў яе няма.

Паводле слоў Новака, пагадненне прадугледжвае захаванне паставак пэўных нафтапрадуктаў, якія не вырабляюцца ў Беларусі. „Пратакол, які падпісаны, — гэта дадатак да пагаднення, што дзейнічае паміж Расейскай Федэрацыяй і Беларуссю. Ён прадугледжвае не толькі забарону на пастаўкі нафтапрадуктаў — гэта тычыцца цёмных нафтапрадуктаў, дызельнага паліва з тым, каб захаваць прапорцыі даходаў бюджэтаў у адпаведнасці з раней запланаванымі паказчыкамі. Ён таксама прадугледжвае частковыя пастаўкі пэўных нафтапрадуктаў, якія не вырабляюцца ў Беларусі: лакафарбавыя вырабы, хімічная прадукцыя, гэта значыць прадукцыя не нафтаперапрацоўчых, а нафтахімічных заводаў”, — сказаў міністр.

Агенцтва Рэйтэр са спасылкай на крыніцы ў расейскім урадзе паведаміла, што ў Беларусь не будзе пастаўляцца таксама звадкаваны вуглевадародны газ. Захаваецца экспарт нафты, прыроднага газу, газавага кандэнсату, шырокай фракцыі лёгкіх вуглевадародаў, а таксама шэрагу нафтапрадуктаў для нафтахіміі, якія не вырабляюцца ў краіне.

БелаПАН