У Беларусь паступіў першы транш расейскага крэдыту на 500 млн долараў
На рахунак Міністэрства фінансаў 30 снежня паступілі сродкі першага траншу дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расеі ў суме, эквівалентнай 5 млн долараў ЗША, паведамляе прэс-служба Мінфіна.
Як паведамлялася, пагадненне аб выдзяленні РФ Беларусі крэдыту на 1 млрд долараў бакі падпісалі ў Маскве 21 снежня. Чакаецца, што другі яго транш будзе пералічаны ў 2021 годзе. Напярэдадні падпісання пагаднення распараджэнне аб ім падпісаў прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін.
Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы 14 верасня Уладзімір Пуцін паабяцаў, што Масква выдзеліць Менску дзяржкрэдыт на 1,5 млрд долараў.
Як высветлілася пазней, 500 млн з гэтай сумы адносілася да крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), які быў пералічаны ў кастрычніку. Пазней Лукашэнка заяўляў, што гэтыя сродкі будуць выдаткаваныя на лячэнне каронавіруса, а не на падтрымку эканомікі.
На прэс-канферэнцыі 4 снежня выканаўчы дырэктар праектнага блока ЕФСР Андрэй Шырокаў паведаміў, што выдадзены Беларусі крэдыт пайшоў на фінансаванне дэфіцыту бюджэту.
Паводле звестак Мінфіна, знешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 лістапада склаў 18,1 млрд долараў ЗША. Ён павялічыўся з пачатку года на 1 млрд долараў (з улікам курсавой розніцы), або на 5,8%.
Фота: pixabay.com.