У Беларусь прыбыла першая партыя нарвежскай нафты



Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе канцэрна „Белнафтахім”, састаў з нафтай раніцай 26 студзеня прыбыў на чыгуначную станцыю Наваполацк (Віцебская вобласць). Пасля фармальнасцей, звязаных з афармленнем дакументаў, нафта пачала паступаць на ААТ „Нафтан”, растлумачылі ў канцэрне.

Раней „Белнафтахім” паведаміў, што ў Нарвегіі будзе закуплена 80 тыс. тон нафты. Яе даставілі ў тэрмінал кампаніі „Клайпедас нафта” танкерам „Брэйвікен”. Тут нафта перагружаецца ў чыгуначныя цыстэрны і транспартуецца да беларускай мяжы вагонамі Літоўскіх чыгунак.

Прадстаўнік Літоўскіх чыгунак Томас Дзігайціс паведаміў, што перавозка нафты па чыгунцы да беларускай мяжы будзе ажыццяўляцца прыблізна два тыдні — да 90 вагонаў за дзень.

Даручэнне забяспечыць найбліжэйшым часам пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц раней даў Аляксандр Лукашэнка. Перш за ўсё размова ідзе аб пастаўках чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічанні для альтэрнатыўных паставак нафтаправода „Дружба”, паведаміла прэс-служба прэзідэнта. Афіцыйны лідар заявіў, што пры адсутнасці дамоўленасцяў з Расеяй Беларусь можа рэверсам пампаваць амерыканскую ці саудаўскую нафту цераз Польшчу па магістральным нафтаправодзе. Паводле слоў Лукашэнкі, у РФ трэба закупляць 30-40% нафты, астатняе — у іншых прадаўцоў.

Менск займаецца пошукам альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты з-за рознагалоссяў з Расеяй па цэнах на сыравіну. Беларускія НПЗ пакуль не падпісалі доўгатэрміновыя кантракты з буйнымі расійскімі пастаўшчыкамі. Закупка сыравіны ажыццяўляецца паводле дамоўленасці з нафтавымі кампаніямі групы „Сафмар” блізкага да Лукашэнкі расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцарыева. У студзені чакаецца 750 тыс. тон нафты, што складае прыблізна палову месячнага аб’ёму перапрацоўкі.

Нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку працуюць пры мінімальнай загрузцы. Раней экспарт нафтапрадуктаў і ўласнай нафты быў часова спынены, каб пазбегнуць дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку. 21 студзеня, згодна з паведамленнем „Белнафтахіма”, экспарт нафтапрадуктаў аднавіўся.

belapan.by