У Беларусі 16 верасня зноў вырастуць цэны на бензін і дызпаліва
16 верасня кошт паліва на аўтазаправачных станцыях Беларусі вырасце на капейку.
„З улікам росту цаны на нафту, у мэтах кампенсацыі ўзрослых выдаткаў НПЗ на набыццё вуглевадароднай сыравіны „Белнафтахім” працягвае рэалізацыю палітыкі, скіраванай на паэтапнае павышэнне цэн на аўтамабільнае паліва”, — гаворыцца ў паведамленні дзяржканцэрна.
Згодна са звесткамі „Белнафтахіма”, кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,35 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,43 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,64 рубля, ДТ — 1,43 рубля.
У Беларусі у 2018 годзе ўжо 15 разоў мяняліся цэны на аўтамабільнае паліва. Апошні раз цэны былі павялічаныя на капейку 9 верасня.
Згодна са звесткамі „Белнафтахіма”, за сем месяцаў 2018 года ў адносінах да аналагічнага леташняга перыяду цана нафты для беларускіх НПЗ вырасла на 35%. Пры гэтым цэны на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, за названы перыяд выраслі ў сярэднім на 14%.
На мінулым тыдні стала вядома, што ў Беларусі вядзецца распрацоўка механізма, у выпадку ўкаранення якога цэны на паліва на ўнутраным рынку будуць залежаць ад дынамікі цэн на нафту.
Паводле звестак „Белнафтахіма”, на прыбытковасць НПЗ сёння адмоўна ўплываюць цэны на ўнутраным рынку, якія рэгулюе дзяржава.
„Прыбытковасць значна залежыць ад палітыкі цэнаўтварэння. Яшчэ дзесяць гадоў таму даходнасць ад паставак нафтапрадуктаў на экспарт дазваляла кампенсаваць страту НПЗ пры адмоўнай эфектыўнасці рэалізацыі аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку”, — нагадаў намеснік старшыні „Белнафтахіма” Уладзімір Сізоў у інтэрв’ю, апублікаваным у апошнім выпуску весніка, які выдаецца канцэрнам. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што вядзецца падрыхтоўка механізма, у выпадку зацвярджэння якога цэны на паліва на ўнутраным рынку будуць залежаць ад сусветных цэн на нафту. БелаПАН