У Беларусі 21 кастрычніка зноў падаражэе паліва



21 кастрычніка кошт паліва на аўтазаправачных станцыях Беларусі вырасце на капейку.

Згодна з паведамленнем канцэрна „Белнафтахім”, кошт бензіну АІ-95-К5-Еўра складзе 1,48 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,69 рубля, ДТ — 1,48 рубля за літр.

Цана аўтабензіну АІ-92-К5-Еўра не зменіцца — 1,39 рубля.

Папярэднія змены цэн не кампенсавалі для айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў апераджальны рост цэн на нафту ў параўнанні з цэнамі на нафтапрадукты„, — канстатуе „Белнафтахім”.

Паводле звестак канцэрна, з кастрычніка 2017 года па кастрычнік 2018-га, калі адбываўся актыўны рост кошту нафты, цана нафты, якая закупляецца беларускімі НПЗ, у рублёвым эквіваленце вырасла на 54,5%. За аналагічны перыяд кошт нафтапрадуктаў павялічыўся ў сярэднім на 15,2%.

За мінулы перыяд кастрычніка 2018 года сярэдняя каціроўка нафты маркі Brent склала 83,5 долара ЗША за бараль.

Заўтрашняе падаражанне паліва стане 21-м у 2018 годзе. Апошні раз цэны былі павялічаныя на капейку 14 кастрычніка.

Найбліжэйшым часам „Белнафтахім” мае намер прытрымлівацца „стрыманай пазіцыі па змене цэн на паліва”, заявіў журналістам 20 верасня ў Мінску намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Сізоў. „Усе павінны разумець, што мы абмяжоўваем павышэнне цаны сацыяльнымі фактарамі”, — дадаў ён.

Акрамя таго, адзначыў Сізоў, у канцэрне сочаць за дынамікай цэн на нафту, курсам рубля і зменамі падатковага заканадаўства ў Расіі. „У залежнасці ад гэтых фактараў будзе прымацца рашэнне аб далейшым павышэнні цэн”, — сказаў ён.   БелаПАН