У Беларусі 30 верасня зноў падаражэюць бензін і дызпаліва



30 верасня кошт паліва на аўтазаправачных станцыях Беларусі вырасце на капейку.

Паводле дадзеных „Белнафтахіма”, кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,37 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,45 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,66 рубля, ДП — 1,45 рубля.

У Беларусі ў 2018 годзе ўжо 17 разоў мяняліся цэны на аўтамабільнае паліва. Апошні раз цэны былі павялічаныя на капейку 22 верасня.

У найбліжэйшы час „Белнафтахім” мае намер прытрымлівацца „стрыманай пазіцыі па змене цэн на паліва”, заявіў журналістам 20 верасня ў Менску намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Сізоў. „Усе павінны разумець, што мы абмяжоўваем павышэнне цаны сацыяльнымі фактарамі”, — дадаў ён.

Акрамя таго, адзначыў Сізоў, у канцэрне сочаць за дынамікай цэн на нафту, курсам рубля і змяненнем падатковага заканадаўства ў Расеі. „У залежнасці ад гэтых фактараў будзе прымацца рашэнне аб далейшым павышэнні цэн”, — сказаў ён.

Паводле дадзеных „Белнафтахіма”, за сем месяцаў гэтага года цана нафты для беларускіх НПЗ вырасла на 35% у дачыненні да аналагічнага перыяду мінулага. Пры гэтым цэны на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, за гэты перыяд выраслі ў сярэднім на 14%.

belapan.by