У Беларусі 9 верасня зноў вырастуць цэны на бензін і дызпаліва
9 верасня кошт паліва на аўтазаправачных станцыях Беларусі вырасце на капейку.
Паводле даных дзяржканцэрна „Белнафтахім”, кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,34 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,42 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,63 рубля, ДП — 1,42 рубля.
У Беларусі у 2018 годзе ўжо 14 разоў мяняліся цэны на аўтамабільнае паліва. Апошні раз цэны былі павялічаныя на адну капейку 2 верасня.
Паводле дадзеных „Белнафтахіма”, за сем месяцаў 2018 года у адносінах да аналагічнага леташняга перыяду цана нафты для беларускіх НПЗ вырасла на 35%. Пры гэтым цэны на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, за названы перыяд выраслі ў сярэднім на 14%.
Як зазначае „Белнафтахім”, на прыбытковасць беларускіх НПЗ сёння адмоўна ўплываюць цэны на ўнутраным рынку, якія рэгулюе дзяржава.
„Прыбытковасць шмат у чым залежыць ад палітыкі цэнаўтварэння. Яшчэ дзесяць гадоў таму даходнасць ад паставак нафтапрадуктаў на экспарт дазваляла кампенсаваць страту НПЗ пры адмоўнай эфектыўнасці рэалізацыі аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку”, — нагадаў намеснік старшыні „Белнафтахіма” Уладзімір Сізоў у інтэрв’ю, якое апублікавана ў апошнім выпуску весніка канцэрна.
У сувязі з гэтым ён адзначыў, што цяпер вядзецца падрыхтоўка механізму, у выпадку зацвярджэння якога цэны на паліва на ўнутраным рынку будуць залежаць ад сусветных цэн на нафту.
Фота: Віцебскія весці