У Беларусі абноўлены гістарычны мінімум гадавой інфляцыі



У маі 2018 года ў Беларусі абноўлены гістарычны мінімум гадавой інфляцыі: прырост спажывецкіх цэн запаволіўся да 4,4% у гадавым выражэнні, гаворыцца ў аналітычным аглядзе Нацыянальнага банка.

Адносна красавіка ў маі 2018 года спажывецкія цэны знізіліся на 0,3%.

Як адзначаюць аналітыкі Нацбанка, у маі гадавыя тэмпы росту спажывецкіх цэн знізіліся ў першую чаргу за кошт запавольвання росту цэн на плодаагароднінную прадукцыю, а таксама цэн, не схільных да ўплыву сезоннага фактару і адміністрацыйнага рэгулявання.

Рост цэн на плодаагароднінную прадукцыю ў гадавым вымярэнні запаволіўся з 13,8% у красавіку да 2,9% у маі 2018 года. „Гэтаму спрыяла перш за ўсё аднаўленне цэн на бананы пасля больш чым 30-адсоткавага росту ў лютым—сакавіку 2018 года, пад уплывам кан’юнктурных фактараў, а таксама сезоннае зніжэнне цэн на агуркі і свежыя памідоры”, — адзначаецца ў аглядзе.

Паводле даных Нацбанка, рост адміністрацыйна рэгуляваных цэн і тарыфаў у справаздачным перыядзе паскорыўся ў гадавым вымярэнні на 0,2 працэнтнага пункта да 8,9%. У маі 2018 года асноўны прырост быў забяспечаны павышэннем цэн на паліва, а таксама тарыфаў на паслугі сувязі.

Гадавая базавая інфляцыя ў маі 2018 года запаволілася да 2,9% (3,1% месяцам раней) за кошт зніжэння цэн на асобныя нехарчовыя тавары. Пры гэтым агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі на працягу апошніх трох месяцаў застаецца на нязменным узроўні 3,2%, што сведчыць пра стабільнасць цэнавай дынамікі. Сярэдняя інтэнсіўнасць прыросту спажывецкіх цэн і тарыфаў склалася на ўзроўні 2,8% (3,1% у красавіку 2018 года).

Па выніках 2017 года зафіксаваная самая нізкая ў гісторыі суверэннай Беларусі інфляцыя — 4,6%. У 2016 годзе спажывецкія цэны выраслі на 10,6%.

Згодна з планамі ўрада, рост спажывецкіх цэн у 2018 годзе павінен скласці не больш за 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгоддзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%).

Эканамісты ў каментары БелаПАН адзначалі, што прычынай нізкай інфляцыі з’яўляецца строгая грашова-крэдытная палітыка. Паводле іх прагнозаў, у 2018 годзе, хутчэй за ўсё, інфляцыя будзе трохі паскарацца з-за дырэктыўнага павышэння зарплат, а таксама росту аб’ёмаў спажывецкага крэдытавання і магчымай дэвальвацыі беларускага рубля следам за расійскім.

Пры гэтым, паводле слоў экспертаў, насельніцтва адчувае, што цэны ў Беларусі растуць у некалькі разоў хутчэй, чым сведчыць афіцыйная статыстыка. Інфляцыйныя чаканні беларусаў застаюцца высокімі. З нядаўняй справаздачы Нацбанка вынікае, што ў маі беларусы адчувалі гадавую інфляцыю на ўзроўні 12,9%.

belapan.by

Фота sb.by