У Беларусі адкрытыя два новыя нафтавыя радовішчы



У Беларусі адкрытыя яшчэ два нафтавыя радовішчы — Усходне-Маканавіцкае і Заходне-Гіраўскае. Яны знаходзяцца ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе ПА „Беларуснафта”, на Усходне-Маканавіцкім радовішчы нафту знайшлі на глыбіні 4.200 метраў падчас бурэння пошукава-разведачнай свідравіны. Пры выпрабаванні ў адкрытым ствале атрыманы прыток дэбітам больш за 10 кубаметраў за суткі (8,7 тоны). Паводле папярэдніх падлікаў, геалагічныя запасы на радовішчы ацэньваюцца ў 876 тыс. тон, тыя, што вымаюцца, — у 389 тыс. тон.

Зараз на радовішчы вядуцца работы па ўладкаванні свідравіны, у студзені пачнецца яе эксплуатацыя. Па выніках асваення і правядзення комплексу даследаванняў структура радовішча будзе дэталізаваная, вызначаны патэнцыял здабычы і намечаная далейшая сетка эксплуатацыйнага свідравання на радовішчы.

Адкрыццё Усходне-Маканавіцкага радовішча пацвердзіла перспектыўнасць пошукава-разведачнага свідравання вяршыні Азярэцка-Хобнінскай тэктанічнай ступені, адзначылі на прадпрыемстве. У 2018 годзе тут запланаваная маштабная 3D-сейсмаразведка. Паводле ацэнкі геолагаў „Беларуснафты”, на гэтай плошчы можа быць засяроджана ад 6 да 8 млн тон вуглевадародаў.

Што тычыцца Заходне-Гіраўскага радовішча, то пры пошукава-разведачным бурэнні ў свідравіне адкрыта 6 метраў нафтанасычанага калектара з сярэдняй сітаватасцю 7% і пачатковай нафтанасычанасцю ў 74%. Гэтыя параметры сведчаць пра добры патэнцыял здабычы. Свідравіна зробленая, у першым квартале 2018 года на ёй будзе выкананы комплекс работ па асваенни і ўводзе ў эксплуатацыю.   БелаПАН