У Беларусі адменяць мінімальны спажывецкі бюджэт



У Беларусі 15 лістапада адменяць мінімальны спажывецкі бюджэт. Гэта прадугледжана законам ад 7 мая № 98-З, які ўносіць у законы змены па пытаннях сацыяльных нарматываў і мінімальнай заработнай платы. Дакумент 14 траўня апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўваходзіць у сілу 15 лістапада.

Як тлумачыцца на партале, пры рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, а таксама пры ажыццяўленні мер сацыяльнай абароны насельніцтва будзе прымяняцца толькі адзін сацыяльны нарматыў — бюджэт пражытковага мінімуму. „Гэта дасць магчымасць забяспечыць аднастайны падыход для вызначэння выплат, якія маюць сацыяльны характар, іншых абавязацельстваў дзяржавы, а таксама крытэрыю давання асобных відаў дзяржаўнай дапамогі”, — адзначаецца ў паведамленні.

Законам таксама ўдакладнены парадак вызначэння і фармавання бюджэту пражытковага мінімуму. Так, аптымізаваны пералік сацыяльна-дэмаграфічных груп, для якіх разлічваюць бюджэт пражытковага мінімуму, — выключаная група „студэнты”, бо яе ўзроставыя межы сёння адсутнічаюць на практыцы. Умоўны студэнцкі ўзрост уваходзіць у працаздольны ўзрост, у сувязі з чым памер стыпендыі для студэнтаў, якія навучаюцца ў дзённай форме атрымання адукацыі, усталяваны ў суме, кратнай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму для працаздольнага насельніцтва. Віды дзяржпадтрымкі студэнтам аказваюць не ў сувязі з іх статусам, а на іншых падставах, якія дзейнічаюць для насельніцтва ў цэлым. Акрамя таго, скарочаныя тэрміны перагляду складу і структуры бюджэту пражытковага мінімуму з пяці гадоў да трох, што „дазволіць своечасова яго актуалізаваць з улікам змен спажывецкіх расходаў малазабяспечаных грамадзян”.

Удасканальваецца таксама, паведаміў партал, парадак устанаўлення памеру месячнай мінімальнай заработнай платы. Прадугледжанае ўзмацненне ролі бакоў сацыяльнага партнёрства (рэспубліканскіх аб’яднанняў наймальнікаў і прафесійных саюзаў) у вызначэнні памеру месячнай мінімальнай заработнай платы. Прапановы Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаннях будуць улічваць пры ўстанаўленні з 1 студзеня Саветам міністраў памеру месячнай мінімальнай заработнай платы. Месячная мінімальная зарплата штогод 1 студзеня будзе ўстанаўлівацца не ніжэйшай за 30% прагнознага значэння намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты па краіне, вызначанага ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на каляндарны год.

„Прынятыя змены скіраваныя на павышэнне ролі мінімальнай заработнай платы ў рэгуляванні ўзроўню аплаты працы нізкааплатных катэгорый работнікаў арганізацый”, — пракаментавалі ў Міністэрстве працы і сацабароны.

Як паведамлялася, з 1 траўня па 31 ліпеня 2021 года для працаздольнага насельніцтва мінімальны спажывецкі бюджэт складае 562 рублі 28 капеек (раней — 541 рубель 26 капеек); пенсіянераў — 437 рублёў 20 капеек (422 рублі 62 капейкі); дзяцей да трох гадоў — 371 рубель 52 капейкі (358 рублёў 80 капеек); дзяцей ад трох да шасці гадоў — 476 рублёў 88 капеек (454 рублі 53 капейкі); дзяцей ад шасці да 18 гадоў — 482 рублі 43 капейкі (465 рублёў 65 капеек); сям’і з чатырох чалавек — 444 рублі 22 капейкі (427 рублёў 77 капеек); маладой сям’і з трох чалавек — 478 рублёў 38 капеек (458 рублёў 73 капейкі).

Мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных патрэб чалавека. Сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты зацвярджаюцца штоквартальна і служаць для аналізу дасягнутага ўзроўню жыцця насельніцтва і прагназавання яго змен, ацэнкі матэрыяльнага становішча розных груп насельніцтва, тыпаў сем’яў, пакупніцкай здольнасці даходаў насельніцтва, абгрунтавання памераў мінімальных сацыяльна-працоўных гарантый.

Сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям’і з чатырох чалавек служыць асновай для вызначэння права грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, а таксама вызначэння права грамадзян, якія пастаянна жывуць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, на атрыманне льготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў.

belapan.by