У Беларусі адмяняюцца абмежаванні па вывазе паліва за мяжу
Саўмін прыняў пастанову № 526 ад 1 лiпеня 2016 года, якая скасоўвае некаторыя папярэднія рашэнні ўрада. Сярод іх – і два дакументы „Аб некаторых пытаннях рэгулявання вывазу аўтамабільнага паліва з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
Фота tut.by
„Дадзеная пастанова [пра адмену абмежаванняў на паліва пры вывазе за мяжу] уступае ў сілу з 1 верасня 2016 года”, – гаворыцца ў паведамленні ўрада, апублікаваным сёння, 7 ліпеня, на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Нагадаем, пасля дэвальвацыі 2011 года кошт паліва ў Беларусі ў адносінах да валют моцна знізілася. Каб не дапусціць вываз паліва за межы краіны і дзеля „стабілізацыі абстаноўкі ў пунктах пропуску праз дзяржмяжу Беларусі”, улады прынялі шэраг мер.
Паводле пастановаў Саўміна ад 18 лістапада 2011 г. № 1554 і ад 10 чэрвеня 2011 г. № 753 „Аб некаторых пытаннях рэгулявання вывазу аўтамабільнага паліва з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, выязджаць за межы Мытнага саюза (пазней – Еўразійскага эканамічнага саюза ) на аўтамабілі з Беларусі было можна 1 раз на 8 дзён. Калі ж за мяжу даводзілася выязджаць часцей, то трэба было заплаціць пошліну на паліва (якая залежыла ад ставак экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты).