У Беларусі асвоілі 900 млн рублёў крэдыту на імпартазамяшчэнне



Беларускія прадпрыемствы ўжо асвоілі 900 мільёнаў рублёў расейскага крэдыту, выдадзенага на імпартазамяшчэнне. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Пётр Пархомчык у эфіры Беларускага тэлебачання. Грошы падзялілі паміж сабою тры прадпрыемствы — “Гомсельмаш”, Менскі падшыпнікавы і Беларускі металургічны заводы. А ўсяго ўзгоднена 14 праектаў, якія могуць разлічваць на фінансаванне.

Пархомчык адзначыў, што рэалізаваць праекты за расейскія грошы трэба як мага хутчэй, таму што “калі не мы, то хтосьці гэтую працу выканае за нас”. У прыватнасці, „Гомсельмашу” трэба нарасціць выпуск камбайнаў. Летась прадпрыемства выпусціла 2,5 тысячы машын, а трэба імкнуцца да лічбы ў 3,5-4 тысячы камбайнаў у год, кажа чыноўнік.

Нагадаем, пагадненне аб выдзяленні расейскага крэдыту на імпартазамяшчальныя праекты ў Беларусі было падпісана ў лістападзе 2022 года. Памер крэдыту складае каля 1,5 мільярда даляраў

Мінэнерга абвяргае інфармацыю пра “масавыя дэфекты” на БелАЭС

У Міністэрстве энергетыкі выступілі з абвяржэннем інфармацыі пра нібыта масавыя дэфекты на БелАЭС. Па сцвярджэнні ведамства, звесткі няправільна інтэрпрэтавалі. Раней у сеціве з’явіліся табліцы з пералікам неадпаведнасцяў і ліквідацыяй заўваг. “На прыкладзеным малюнку відаць, што ўсяго ў спісе 16 939 дэфектаў — гэта агульная колькасць выяўленых дэфектаў у 2021-2023 гадах”, — каментавалі аўтары рэсурсу. Сцвярджалася, што на пачатак гэтага года ў другім блоку БелАЭС яшчэ было “амаль 4000 дэфектаў”.

У Мінэнерга тлумачаць, што ў табліцах змешчаны тыднёвыя і сутачныя заданні для падрадных арганізацый. Калі хтосьці не ўкладваецца з выкананнем заданняў у адведзены час альбо выконвае працу з недастаткова належнай якасцю — інфармацыя заносіцца ў табліцы. У цэлым гэта тычыцца не асноўных, а спадарожных работ, — запэўнілі ў Мінэнерга. І дадалі, што большасць з прадстаўленых пунктаў даўно выкананыя.

Павелічэнне заробкаў у Беларусі паскарае рост цэн

Праз рост рэальнага заробку ў Беларусі ў красавіку – чэрвені бягучага года ствараюцца ўмовы для “перагрэву” рынку працы і паскарэння росту цэн да канца года. Пра гэта гаворыцца ў чарговым макрааглядзе ад аналітыкаў Еўразійскага банка развіцця. Аналітыкі банка адзначаюць, што ў чэрвені рост заробку ў Беларусі не толькі быў, але і працягнуў паскарацца. Тэндэнцыя захоўваецца трэці месяц запар. Высокія тэмпы павелічэння заробкаў, кажуць эксперты, звязаныя з павышаным попытам на працоўную сілу.

Эксперты звяртаюць таксама ўвагу, што павышэнне заробку, якое цяпер назіраецца, ёсць запланаваным, а вось дэфіцыт працоўнай сілы – гэта рэальнасць. І разам гэтыя два чыннікі фарміруюць умовы для “перагрэву” на рынку працы, што стварае дадатковыя стымулы для паскарэння росту цэн да канца года.

Айцішнікаў закранаюць шматтысячныя скарачэнні працоўных месцаў

Газета Rzeczpospolita апісвае сітуацыю ў сферы працы для айцішнікаў. Яшчэ нядаўна ў гэтай галіне назіраўся ў Польшчы недахоп супрацоўнікаў, а цяпер аказваецца, што іх закранаюць шматтысячныя скарачэнні працоўных месцаў. Напрыклад, старшыня польскай кампаніі CD Projekt, вытворцы такіх відэагульняў, як “Вядзьмак” і “Кіберпанк”, Адам Кічынскі паведаміў, што студыя расстаецца з амаль дзевяццю працэнтамі сваіх супрацоўнікаў.

Часцей за ўсё “пад нож” трапляюць менш кваліфікаваныя работнікі, якіх набіралі ў часы буму на рынку, таму прыходзілася даваць навабранцам высокія заробкі. А цяпер яны сталі надта дарагімі, аднак некаторым кампаніям таксама даводзіцца расставацца з вопытнымі спецыялістамі, што пацвярджаюць прадстаўнікі кампаній і кадравых парталаў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Гомсельмаш.