У Беларусі будзе створаная цэнтралізаваная база звестак пра даходы фізічных асоб



Дзяржорганы, юрыдычныя асобы, прадстаўніцтвы замежных арганізацый, індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама натарыусы, адвакаты будуць перадаваць звесткі аб даходах фізічных асоб у базу звестак, уладальнікам якой выступіць Міністэрства па падатках і зборах.

Пастановай урада № 201, апублікаванай 9 красавіка, зацверджанае палажэнне аб даванні звестак аб даходах фізічных асоб. Дакументам прадугледжаны пералік, парадак і тэрміны падавання такіх звестак.

У прыватнасці, арганізацыі, прадстаўніцтвы, індывідуальныя прадпрымальнікі, тэрытарыяльныя натарыяльныя палаты, натарыусы, адвакаты (якія прызнаюцца падатковымі агентамі) павінны будуць перадаваць у базу інфармацыю аб даходах работнікаў за год да 1 красавіка года, наступнага за справаздачным.

Раней прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах адзначалі, што існуе „значная колькасць інфармацыйных баз” аб даходах фізічных асоб, але яны разрозненыя.

З гэтай прычыны ўлады ініцыявалі стварэнне адзінай базы звестак аб даходах фізічных асоб. МПЗ стварэнне такой базы матывавала неабходнасцю ў аўтаматычным рэжыме разлічваць субсідыі (у прыватнасці жыллёвыя) маламаёмным грамадзянам.

У 2018 годзе МПЗ прапаноўвала збіраць дадатковую справаздачнасць у беларускіх кампаній для фармавання адзінай базы аб даходах фізічных асоб, аднак бізнес паскардзіўся на тое, што падрыхтоўка такой справаздачнасці павялічыць адміністрацыйныя расходы.

У 2020 годзе Савет па развіцці прадпрымальніцтва адзначаў, што з МПЗ працягвае аналізаваць падыходы „да фармавання базы аб даходах грамадзян”.

На думку савета, такі інфармацыйны рэсурс павінен фармавацца на аснове персаніфікаваных звестак, ужо наяўных у розных дзяржаўных органаў і арганізацый, без стварэння дадатковага цяжару на суб’екты гаспадарання.

„Дзяржаўныя органы валодаюць дастатковымі звесткамі аб узроўні даходаў грамадзян краіны, на аснове якіх можна меркаваць аб праве на атрыманне безнаяўнай жыллёвай субсідыі”, — падкрэслівалася ў заяве савета.

belapan.by