У Беларусі дапамога па беспрацоўі значна меншая, чым у суседзяў



Сярэдні памер дапамогі на аднаго беспрацоўнага ў красавіку ў Беларусі склаў 26,4 руб. Гэты паказчык складае 14,3% ад бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. 

У бліжэйшы час беспрацоўным не варта чакаць павелічэння дапамогі. Пра гэта заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Міністр нагадала, што цяпер у Беларусі абмяркоўваецца так званая страхоўка ад беспрацоўя, якая дазволіць павялічыць памер дапамог. Да 100% БПМ для тых, хто трапіў пад скарачэнне або апынуўся на біржы працы пасля ліквідацыі яго арганізацыі, да 50% БПМ для тых, хто страціў працу па іншых важкіх прычынах. Зараз новы дакумент праходзіць узгадненне. Чакаць яго прыняцця ў бліжэйшы час не варта.

Дапамога па беспрацоўі беларусаў адрозніваецца ад выплат у іншых краінах. Так, у Расеі мінімальная дапамога афіцыйным беспрацоўным складае 28 рублёў, максімальная – каля 160 рублёў (усе сумы прыведзены ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на 7 чэрвеня).

У Літве сярэдняя дапамога складае 413 рублёў. Выплаты атрымліваюць каля 44 тысяч беспрацоўных.

Ва Украіне з 1 красавіка гэтага года мінімальны памер дапамогі па беспрацоўі для застрахаваных асоб падвысілі да 91 рубля.

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць ад 260 рублёў да амаль 500 рублёў.

tut.by