У Беларусі дзярждоўг з гарантыямі склаў 42% ВУП
Дзяржорганы абнавілі інфармацыю аб стане дзярждоўгу. Агульная сума ўжо вылічаецца дзясяткамі мільярдаў. На 1 чэрвеня 2021 года дзяржаўная запазычанасць Беларусі склала 57,382 млрд BYN.
У параўнанні з ВУП памер дзярждоўгу стаў эквівалентны 36,9%. Для параўнання: на 1 чэрвеня 2020 года гэты паказчык быў роўны 32,4% ВУП, на 1 чэрвеня 2019-га — 34,5%, на 1 чэрвеня 2018-га — 36,8% , на 1 чэрвеня 2017-га — 37,2%. Такім чынам, пасля некаторага скарачэння дзярждоўг зноў вярнуўся да росту і адкаціўся да адзнак 4-гадовай даўніны. Гэта адбылося на фоне дэвальвацыі беларускага рубля, пішуць banki24.by.
Справа ў тым, што больш за 90% дзярждоўгу РБ намініравана ў замежнай валюце. Таму паслабленне «зайчыка» вядзе да павелічэння гэтага індыкатара ў рублёвым эквіваленце.
Дзярждоўг традыцыйна дзеліцца на знешні і ўнутраны. Праўда, мяжа паміж знешнім і ўнутраным дзярждоўгам ў Беларусі даволі размытая. З аднаго боку, амаль 100% знешняга дзярждоўгу намінавана ў валюце. З іншага боку, звыш 80% унутраных абавязацельстваў дзяржавы намінаваныя не ў беларускіх рублях.
Глядзіце самі: на 1 чэрвеня 2021 года ўнутраная дзяржаўная запазычанасць склала 11,533 млрд BYN. У параўнанні з ВУП гэтая сума дасягнула 7,4%. Унутраны дзярждоўг практычна цалкам прадстаўлены ўнутранымі аблігацыямі Мінфіна. На 1 чэрвеня структура гэтага доўгу была такая: 2,696 млрд USD, 1,030 млрд EUR, 147,4 млн RUB і 1,425 млрд BYN. На справаздачную дату доля папер у беларускіх рублях склала ўсяго 12,5%. Калі перафразаваць, то доля валюты ва ўнутраным дзярждоўгу склала каля 87,5%.
Паколькі Нацбанк не займаецца друкаваннем валюты (акрамя BYN), гэтыя грошы ў будучыні трэба будзе дзесьці даставаць. Знешні дзярждоўг на 1 чэрвеня склаў 18,102 млрд USD, або 29,5% ад ВУП.
Гэтая кампанента дзярждоўгу цалкам доўгатэрміновая, гэта значыць працягласць абароту абавязацельстваў да пагашэння перавышае 12 месяцаў. Але для Беларусі кепска тое, што гэта доўг ў валютах іншых краін, а не ў сваёй (як у ЗША ці Японіі). Адпаведна, існуюць валютныя і курсавыя рызыкі выканання абавязацельстваў. Міжнародныя арганізацыі тыпу Сусветнага банка, МВФ або Еўразійскага банка развіцця аддаюць перавагу лічыць дзярждоўг Беларусі разам з гарантыямі дзяржавы.
Логіка тут наступная: у краіне вялікі казённы сектар і ў гэтым сектары шмат праблемных прадпрыемстваў. Таму вялікія рызыкі выканання гарантый. На практыцы беларусы ўжо назіралі гэта па цэментных заводах.