У Беларусі ІП дазволяць гандляваць без сертыфікатаў



У Беларусі прадпрымальнікам дазволяць гандляваць без сертыфікатаў. Пра гэта гаворыцца ў праекце ўказа кіраўніка Беларусі, копію тэксту якога размясціла на сваім сайце рэспубліканскае аб’яднанне „Перспектыва”. Паводле дакумента прадпрымальнікі змогуць гандляваць таварамі без сертыфікату заплаціўшы падвойную стаўку адзінага падатку.

У цэлым канцэпцыя ўказу правільная, але яна канчаткова не вырашае праблемаў прадпрымальнікаў, мяркуе старшыня аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка:

– Мы вяртаемся да ідэі адзінага падатку, калі заплаціў і ніякіх дакументаў не трэба – гэта больш-менш нас задавальняе. Аднак тое, што на сённяшні дзень яны зрабілі з падаткамі – павялічыўшы іх у паўтары разы, вось гэтая сітуацыя не адпавядае той эканамічнай абстаноўцы, якая ёсць сёння. Яшчэ да новага года можна было пра гэта казаць, сёння людзі ўжо не пацягнуць і гэты падатак, асабліва гэта датычыць рэгіёнаў.  

Пра падрыхтоўку дакумента яшчэ ў пачатку сакавіка казалі ў міністэрстве па падатках і зборах. Тады абяцалі, што з 222 указа прыбяруць абавязак пацвярджаць набыццё і якасць тавараў. Калі праект указа будзе падпісаны і ўступіць у жыццё пакуль невядома. З першага сакавіка многія рынкі Беларусі былі зачыненыя, некаторыя з іх аднавілі працу, пасля абяцання не штрафаваць за адсутнасць пры праверцы дакументаў якасці тавару.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Анатоля Шумчанкі/facebook.com