У Беларусі хутка будуць вызначаць прадукты па каляровых маркерах
У краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) плануецца ўвесці каляровую маркіроўку прадуктаў па ўзроўні ўтрымання ў іх шкодных (або ў залішняй колькасці) рэчываў.
Як паведаміла прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), магчымасць маркіроўкі харчовых прадуктаў па сістэме „святлафор” 21 лістапада ў Маскве абмеркавалі галоўныя дзяржаўныя санітарныя ўрачы саюзных дзяржаў. Яны падтрымалі ініцыятыву Расеі па вызначэнні агульных падыходаў да выкарыстання каляровых схем у маркіроўцы для садзейнічання здароваму харчаванню.
Чалец калегіі (міністр) па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК Валерый Карашкоў падкрэсліў, што асноўны дакумент у гэтай галіне — тэхнічны рэгламент саюза „Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі”. Ён змяшчае патрабаванні да надпісаў, якія наносяцца на тавары і якія павінны ўключаць найменне, склад, колькасць прадукцыі, дату яе вырабу, тэрмін прыдатнасці, умовы захоўвання і яшчэ некаторыя паказчыкі, якія вызначаюць харчовую каштоўнасць прадукту. Паводле яго слоў, патрабаванняў дастаткова, каб пакупнік на іх падставе зрабіў правільны выбар.
Але для таго, каб яшчэ больш аблегчыць людзям працэс ідэнтыфікацыі, Расея прапанавала наносіць на ўпакоўкі палосы чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў і падрыхтаваць у гэтай частцы рэкамендацыю Камісіі для дзяржаў-чальцоў ЕАЭС.
Колеры будуць паказваць узровень утрымання шкодных для здароўя ў залішніх колькасцях рэчываў, такіх як тлушч, соль, цукар.
„Стаіць на прадукце чырвоная паласа, значыць, у ім высокая канцэнтрацыя шкодных інгрэдыентаў, жоўтая — сярэдняя, зялёная — нізкая: можна смела купляць тавар, — сказаў Карашкоў. — І не трэба прыглядацца да набранага дробным шрыфтам надпісу. А выкарыстанне магазіннага „святлафору” ў прывязцы да колькасці ў тавары солі, цукру, тлушчаў зробяць такую маркіроўку асабліва зручнай для пакупнікоў”.
Працу над гэтай рэкамендацыяй камісіі чальцы савета вырашылі пачаць на пляцоўцы ЕЭК практычна неадкладна — у лістападзе-снежні гэтага года.