У Беларусі легалізаваныя анлайн-казіно



Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня падпісаў указ № 305 „Аб удасканаленні прававога рэгулявання ігральнага бізнесу”.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, дакументам у Беларусі легалізаваны такі від дзейнасці, як арганізацыя і правядзенне азартных гульняў у сетцы інтэрнэт з дапамогай утрымання віртуальнай ігральнай установы (анлайн-казіно).

Для гэтага ўстаноўленыя асаблівасці ліцэнзавання і падаткаабкладання дадзенай дзейнасці, а таксама вызначаныя патрабаванні і ўмовы. У прыватнасці, ажыццяўленне яе толькі на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі); наяўнасць гарантыйнага дэпазіту на спецыяльным рахунку, які будзе выкарыстоўвацца для забеспячэння выплаты выйгрышаў і разлікаў з бюджэтам у выпадку фінансавай неплацежаздольнасці арганізатара азартных гульняў у сетцы інтэрнэт; даванне падатковым органам аддаленага доступу да віртуальнай ігральнай установы і падлучэнне такой установы да спецыяльнай камп’ютарнай касавай сістэмы, якая забяспечвае кантроль за абарачэннямі ў сферы ігральнага бізнесу; правядзенне ідэнтыфікацыі фізічных асоб — наведвальнікаў віртуальных ігральных устаноў.

Акрамя таго, з мэтай мінімізацыі шкодных наступстваў удзелу ў азартных гульнях павялічаны ўзроставы цэнз для наведвання ігральных устаноў, у тым ліку віртуальных, і ўдзелу ў азартных гульнях з 18 да 21 года. Уведзеная забарона для наведвальнікаў ігральных устаноў даваць іншым гульцам грашовыя сродкі для ўдзелу ў азартнай гульні, а для арганізатараў азартных гульняў замацаваны абавязак усталёўваць сістэмы відэаназірання ў ігральных установах, якія фіксуюць усіх наведвальнікаў і выплату ім грашовых сродкаў.

„Указ дазволіць мінімізаваць адток грашовых сродкаў за мяжу за кошт абмежавання доступу грамадзян, якія знаходзяцца ў рэспубліцы, да ўдзелу ў азартных гульнях, што арганізуюцца і праводзяцца на сайтах, размешчаных не ў нацыянальным сегменце глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт”, — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка дзяржавы.

belapan.by

Фота goxbet.com