У Беларусі могуць увесці абавязковае страхаванне падаткавікоў



Міністэрства па падатках і зборах прапануе ўвесці за кошт бюджэту абавязковае страхаванне супрацоўнікаў падатковых органаў. Паводле інфармацыі БелаПАН, адпаведныя змены ў заканадаўства прадугледжвае праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, якая, як чакаецца, уступіць у сілу ў 2019 годзе.

У абгрунтаванні да праекта Падатковага кодэкса паведамляецца, што падаткавікі, як і супрацоўнікі іншых органаў, якія правяраюць, удзельнічаюць у пазапланавых аператыўных праверках.

Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, штогод у МПЗ паступаюць дзясяткі паведамленняў пра фізічнае супрацьдзеянне правяральшчыкам падчас праверак гандлёвых аб’ектаў, у складскіх памяшканнях і на аўтамагістралях.

„Пры правядзенні праверак нелегальных СТА ў прыватных домаўладаннях маюць месца выпадкі гвалтоўнага закрыцця і ўтрымлівання работнікаў падатковых органаў у гаражах, а таксама нацкоўванне сабак”, — паведамляе МПЗ у абгрунтаванні да праекту новай рэдакцыі Падатковага кодэкса.

Акрамя таго, маюць выпадкі разбойнага нападу на супрацоўнікаў падатковых органаў падчас праверак. У гэтай сувязі МПЗ звяртае ўвагу на тое, што працаўнікі іншых кантралюючых органаў (унутраных спраў, КДК) падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму страхаванню за кошт сродкаў бюджэту.

„Такім чынам, увядзенне абавязковага дзяржаўнага страхавання работнікаў падатковых органаў накіраванае на іх сацыяльную абарону, дасць магчымасць стварыць роўныя ўмовы выканання службовых абавязкаў для прадстаўнікоў кантралюючых органаў і кампенсаваць гэтым работнікам, іх блізкім або спадчыннікам прычыненую шкоду”, — лічаць у МПЗ.

Пры гэтым гаворка ідзе пра ўвядзенне абавязковага страхавання не ўсіх работнікаў падатковых органаў, а тых, хто будзе ўдзельнічаць у аператыўных праверках.

БелаПАН