У Беларусі могуць увесці падатак з насельніцтва за захаванне смецця



Зыходзячы з вопыту іншых краін, у Беларусі могуць увесці падатак з насельніцтва за захаванне камунальных адходаў, паведаміў начальнік упраўлення другасных матэрыяльных рэсурсаў дзяржустановы „Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” Анатоль Шагун.

Выступаючы 30 мая ў Менску на тэматычным семінары, арганізаваным Нацыянальным цэнтрам маркетынгу, Шагун звярнуў увагу, што рэалізацыя зацверджанай урадам стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі патрабуе значных інвестыцый. „Інвестыцыі да 2035 года ў развіццё сістэмы абыходжання з камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі прадугледжваюцца вялікія, ацэньваюцца ў 1,2 млрд еўра”, — паведаміў ён.

Прыблізна 35% гэтай сумы плануецца прыцягнуць у выглядзе інвестыцый на стварэнне дэпазітнай сістэмы збору тары і будаўніцтва завода па спальванні смецця каля Менска, удакладніў начальнік упраўлення.

„Астатнюю частку неабходных сродкаў плануецца адшукаць за кошт іншых крыніц. Як гэта можна зрабіць? У нас сёння адсутнічае падатак з насельніцтва за захаванне камунальных адходаў”, — сказаў Шагун. Гэта, паводле яго слоў, нараджае сур’ёзную праблему, бо з-за адсутнасці такога падатку ў краіне не фармуюцца эканамічныя стымулы перапрацоўваць камунальныя адходы.

„Захаванне адходаў — самы танны спосаб абыходжання з імі не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце. У Беларусі сабекошт захавання складае 3 еўра за тону”, — адзначыў Шагун.

Кошт перапрацоўкі смецця значна вышэйшы. „Гэтае пытанне (пошук сродкаў на перапрацоўку адходаў. — БелаПАН.) ва ўсім свеце вырашаецца проста — шляхам увядзення досыць вялікага экалагічнага падатку за захаванне адходаў спажывання”, — сказаў Шагун. „Разлікі паказалі, што калі мы ўвядзем падатак на захаванне камунальных адходаў у памеры 2 еўра за кубічны метр, гэта значыць 14 еўра за тону, то, з аднаго боку, гэта не вельмі істотна паўплывае на тарыф і плату для насельніцтва, а з іншага — створыць эканамічныя ўмовы для таго, каб камунальныя адходы перапрацоўваліся, а не ішлі на захаванне”, — сказаў прадстаўнік дзяржаператара.

Ён звярнуў увагу, што плацяжы за вываз смецця ў Беларусі ўстаноўленыя ў 0,6—0,7 еўра з чалавека. У выпадку ўвядзення падатку на захаванне камунальных адходаў яны вырастуць да 1—1,1 еўра. Шагун удакладніў, што сёння насельніцтва плаціць за ўтылізацыю камунальных адходаў 0,2% сваёй зарплаты, а будзе — 0,24—0,25%.

„У свеце лічыцца, што гэтая плата не павінна перавышаць 1% ад заработнай платы”, — дадаў Шагун.

БелаПАН