У Беларусі могуць узнікнуць праблемы з дзярждоўгам



Дзейны механізм „расчысткі” балансаў камерцыйных банкаў ад праблемных актываў не з’яўляецца аптымальным і ў будучыні можа прывесці да назапашвання дзярждоўгу. Такая выснова прыводзіцца ў аналітычнай запісцы, якую падрыхтаваў Беларускі эканамічны даследча-адукацыйны цэнтр (BEROC).

У даследаванні падкрэсліваецца, што праблемныя актывы ў банкаўскай сістэме за апошні год істотна выраслі, і іх сённяшняя доля (13,3%) ужо з’яўляецца падставай для прыняцця неадкладных мер.

„Назапашаны ўзровень банкаўскіх праблемных актываў выклікае сур’ёзныя апасенні і можа стаць крыніцай парушэння нетрывалай фінансавай стабільнасці. Больш за тое, у цэлым праблема „дрэнных” даўгоў уяўляецца сур’ёзнай сістэмнай пагрозай для ўсёй нацыянальнай эканомікі. Таму рашэнне гэтай праблемы бачыцца на сёння галоўнай задачай эканамічнага парадку дня”, — гаворыцца ў даследаванні.

Пры гэтым дзейны механізм „расчысткі” беларускіх банкаў ад праблемных актываў з’яўляецца неаптымальным, лічаць эксперты, бо дзяржава выкупляе праблемную запазычанасць у банкаў па намінальным кошце, і гэта прыводзіць да хуткага павелічэння пазыковай нагрузкі на дзяржаўныя фінансы.

„У гэтым выпадку дзяржава не штрафуе неэфектыўных пазычальнікаў, а наадварот патурае іх неэфектыўнасці. З пазіцыі ўсёй эканомікі такая практыка прыводзіць да празмернага росту дзярждоўгу (даўгоў мясцовых органаў улады), бо праз гэтую схему дзяржава выкупляе даўгі неэфектыўных пазычальнікаў па намінальным кошце, які істотна вышэйшы за справядлівы рынкавы кошт гэтых даўгоў”, — падкрэсліваецца ў даследаванні BEROC.

У каментары БелаПАН навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук зазначыў, што працяг такой практыкі будзе рабіць павышаны націск на дзяржаўныя фінансы. „Дзярждоўг не гумовы. У апошнія гады праблемы мінулых гадоў, якія ўзнікалі часцяком у сувязі з неэфектыўнасцю дзяржсектара і няздольнасцю ім абслугоўваць свае фінансавыя абавязацельствы, вырашаліся шляхам павелічэння дзярждоўгу. Гэта прамы шлях да ўзнікнення праблем на ўзроўні дзяржфінансаў у будучыні, калі і далей працягваць ісці выключна гэтым жа шляхам”, — мяркуе Крук.

Іншыя беларускія эканамісты цалкам падзяляюць гэтае меркаванне і лічаць, што дзейны механізм „расчысткі” банкаў ад таксічных актываў з’яўляецца неаптымальным.

„Спачатку” расчысціць „камерцыйныя банкі ад неабслугоўваных актываў быў закліканы Банк развіцця, якому насамрэч на баланс не былі перададзеныя таксічныя актывы крэдытных арганізацый. У 2016 годзе была зробленая другая спроба зрабіць гэта, і дзяржава для „расчысткі” балансаў камерцыйных банкаў стварыла Агенцтва па кіраванні актывамі”, — нагадаў у каментары БелаПАН эксперт дыскусійна-аналітычнай супольнасці „Ліберальны клуб” Антон Балточка.

Аднак, дадаў ён, раз фінансавае становішча шматлікіх прадпрыемстваў застаецца складаным, незразумела, які аб’ём дрэнных даўгоў будзе перададзены на баланс Агенцтва па кіраванні актывамі, і без адказу пакуль застаецца пытанне, што з гэтымі актывамі будуць рабіць.

„Рэфармавання дзяржсектара не адбываецца, і таму зараз увесь працэс абмяжоўваецца толькі перакідкай праблемных даўгоў з банкаў на баланс нябанкаўскай структуры, створанай дзяржавай для таго, каб зняць рызыкі з крэдытных арганізацый”, — кажа Балточка.

На яго думку, механізм, калі за кошт павелічэння дзярждоўгу дзяржава выкупляе ў банкаў праблемныя даўгі і перадае іх на баланс Агенцтва па кіраванні актывамі, можа прывесці да павелічэння пазыковай нагрузкі на бюджэт. „Калі даўгі дзяржавы будуць ўзрастаць, плацяжы па іх будуць займаць усё большую долю ў выдатках бюджэту краіны”, — мяркуе Балточка.

Нагадаем, падчас апошняй калегіі ў лютым 2017 года Мінфін канстатаваў, што плацяжы па дзярждоўгу ў выдатках бюджэту за 2010—2016 гады павялічыліся з 2% да 10%. „Рашэнне фінансавых праблем рэальнага сектара эканомікі за кошт пазыковых крыніц досыць шырока ўжывалася ў 2015—2016 гадах. Такі механізм варта разглядаць як часовую і выключную меру”, — лічаць у Міністэрстве фінансаў.

БелаПАН