У Беларусі могуць забараніць валютныя аблігацыі



Беларускім кампаніям могуць забараніць выпускаць аблігацыі ў замежнай валюце. Адпаведнае рашэнне ўзгадняецца на афіцыйным узроўні.

Чатыры суразмоўцы БелаПАН у фінансавых колах чулі пра яго.

У выпадку ўвядзення забароны бізнес зможа выпускаць валютныя аблігацыі толькі на знешнім рынку, а на ўнутраным даўгавыя паперы прадпрыемстваў павінны быць намінаваныя выключна ў беларускіх рублях.

Удзельнікі фінансавага рынку мяркуюць, што рашэнне аб забароне валютных аблігацый можа быць прынята ў гэтым годзе, а набудзе моц з 2019 года.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на першым этапе будзе забаронены выпуск валютных карпаратыўных аблігацый, але ў дзяржавы застанецца права эмітаваць аблігацыі ў замежнай валюце. У наступным у рамках палітыкі дэдаларызацыі плануецца, што дзяржава таксама адмовіцца ад выпускаў валютных аблігацый на ўнутраным рынку.

Беларускія ўлады лічаць, што забарона валютных аблігацый апраўданая.

„Мера больш чым своечасовая і знаходзіцца ў рэчышчы пакета мер па забеспячэнні макраэканамічнай стабільнасці ў краіне. Дэдаларызацыя — стратэгічны кірунак дзяржавы, без яго нізкую інфляцыю і фінансавую стабільнасць не забяспечыш”, — заявіў БелаПАН суразмоўца ў фінансавых колах, знаёмы з пазіцыяй эканамічных уладаў.

Ён адзначыў, што на валютных аблігацыях „свет клінам не сышоўся” і магчымасці рабіць зберажэнні са станоўчай прыбытковасцю ў насельніцтва захоўваюцца шляхам размяшчэння рублёвых дэпазітаў.

З пункту гледжання эканамічных уладаў, нічога дрэннага ў тым, што прадпрыемствы не змогуць выпускаць валютныя аблігацыі, няма. „Аблігацыі будуць, яны будуць у беларускіх рублях. Акрамя таго, ёсць рублёвыя крэдыты, няхай карыстаюцца імі тыя, каму патрэбны пазыковыя рэсурсы”, — растлумачыў пазіцыю ўладаў суразмоўца БелаПАН у фінансавых колах.

Між тым удзельнікі рынку каштоўных папер адзначаюць, што насельніцтва пакуль аддае перавагу куплі на ўнутраным рынку не рублёвых, а валютных аблігацый.

„Прадпрыемствы з задавальненнем размяшчалі б рублёвыя аблігацыі, але ці захоча іх купляць насельніцтва? Людзі хочуць мець гарантаваны даход. Пакуль у іх зберажэнні ў асноўнай масе ўсё яшчэ ў замежнай валюце, таму не карыстаюцца цяпер вялікім попытам аблігацыі ў беларускіх рублях — ні пад 12,5%, ні пад 14% гадавых”, — паведаміў БелаПАН прадстаўнік прафудзельніка рынку каштоўных папер.

Эксперты лічаць заканамернай цікавасць насельніцтва да валютных аблігацый. „Асноўны аб’ём карпаратыўных аблігацый у Беларусі цяпер прыходзіцца на валютныя бонды. Паколькі насельніцтву нявыгадна размяшчаць валютныя дэпазіты, стаўкі па якіх зусім ужо смешныя, вырас попыт на валютныя аблігацыі”, — адзначае кіраўнічы партнёр міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Civitta па СНД Даніэль Крутцына.

Пры гэтым эксперты не чакаюць, што ў найбліжэйшы час у сувязі з забаронай валютных стане актыўна развівацца рынак рублёвых аблігацый. Айчынныя банкі цяпер прапаноўваюць размясціць доўгатэрміновыя рублёвыя дэпазіты пад 12,5% гадавых, а кампаніі прапаноўваюць па рублёвых аблігацыях даходнасць на ўзроўні 14% гадавых.

„Пры гэтым дзяржава гарантуе поўную захаванасць укладаў, таму рызыкаваць дзеля 1,5 працэнтнага пункта наўрад ці хтосьці захоча. А павышаць стаўку па рублёвых аблігацыях прадпрыемствам нявыгадна, паколькі ў гэтым выпадку кошт запазычанняў будзе істотна вышэйшы, чым па рублёвых крэдытах”, — падкрэслівае дырэктар інвестыцыйнай кампаніі „Волат капітал” Сяргей Муханаў.

Таму, лічыць ён, калі кампаніям забароняць выпускаць валютныя аблігацыі, пераключыцца на рублёвыя яны не змогуць. „Рынка карпаратыўных аблігацый у гэтым выпадку практычна не будзе, а банкі ўзурпіруюць становішча фінансавага пасярэдніка, і мы вернемся да таго, што ў пазычальнікаў на ўнутраным рынку не будзе альтэрнатывы банкаўскім крэдытам”, — сказаў Муханаў.

Эканамісты мяркуюць, што сапраўдная прычына забароны валютных аблігацый на гэтым этапе можа быць звязаная з дзярждоўгам.

„Валютныя рэсурсы насельніцтва дзяржаве спатрэбяцца для выплат па знешнім дзярждоўгу. Таму ўлады могуць быць зацікаўлены ў стварэнні канала, каб валюта, якую насельніцтва цяпер пазычае прадпрыемствам, ішла на набыццё валютных дзяржаблігацый”, — лічыць старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC ) Дзмітрый Крук.  БелаПАН