У Беларусі можа быць уведзенае рэгуляванне цэн на мяса



Урад Беларусі можа вярнуцца да практыкі рэгулявання цэн на мясную прадукцыю, паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч у інтэрв`ю праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1” 18 лістапада.

Ён падкрэсліў, што рэгуляваныя цэны, гэта значыць цэны натуральных манаполій, у студзені—кастрычніку ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам выраслі на 8,9%, а нерэгуляваныя — толькі на 4%. „Мы бачым, што сёння Беларусь развіваецца па рынкавым шляху, і канкурэнцыя спрыяе стабілізацыі цэн”, — падкрэсліў міністр.

Паводле слоў Калтовіча, сярод харчавання больш за ўсё цэны выраслі на мяса — у сярэднім на 8,7%. „Мы расклалі увесь ланцужок. Цэны павысіліся ў вытворцаў, павысіліся у перапрацоўшчыкаў. Гандлёвыя надбаўкі на мяса і мясапрадукты склаліся на ўзроўні 12% па свініне, 17% — па ялавічыне. Неабходна, перш чым прымаць рашэнні па цэнавым рэгуляванні дадзенага сектара, разабрацца ў прычынах”, — адзначыў міністр. Адной з прычын падаражэння ён назваў неўраджай кармоў, доля якіх у сабекошце прадукцыі дасягае да 70%.

„Ёсць такое паняцце, як рынкавы кантроль. Мы на асобнай нарадзе прынялі рашэнне, каб прадпрыемствы прытрымліваліся ўзроўню інфляцыі. Калі вы (вытворцы. — БелаПАН.) не ўваходзіце ва ўзровень інфляцыі, значыць у вас непарадак з сабекоштам і гэтак далей, — растлумачыў Калтовіч. — Мы папрасілі аб нарадзе, яна прайшла пад кіраўніцтвам намесніка прэм`ер-міністра, які курыруе сельскую гаспадарку. Было прынята рашэнне аб прыняцці мер прадпрыемствамі ўсіх форм уласнасці па недапушчэнні далейшага росту коштаў на мяса і мясапрадукты, а таксама разгледжаныя магчымыя меры, якія неабходна прыняць як аблвыканкамам, так і Мінсельгасхарчу, гандлёвым арганізацыям па недапушчэнні росту цэн вышэй за ўзровень, які склаў на 15 лістапада”.

„МАРГ працягне маніторынг, і пры невыкананні такой дамоўленасці будзе ўнесеная пастанова аб усталяванні цэнавага рэгулявання”, — дадаў міністр.

Паводле звестак Белстата, спажывецкія цэны ў кастрычніку выраслі на 0,51%, з пачатку года — на 4,24%. Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год спажывецкія цэны павінны павялічыцца не больш чым на 6%. У сваёй апошняй ацэнцы Нацбанк чакаў, што інфляцыя будзе на ўзроўні каля 5,5%.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа