У Беларусі можа ўзнікнуць дэфіцыт тавараў



Планы ўладаў паўсюдна кантраляваць рост цэн могуць выліцца ў дэфіцыт тавараў. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы заявы ўладаў аб узмацненні жорсткасці цэнавага рэгулявання.

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду „выпрацаваць механізм стрымлівання цэн па ўсіх напрамках і параметрах”.

Беларускія эканамісты мяркуюць, што ўзмацненне жорсткасці цэнавага кантролю можа мець негатыўныя наступствы.

„Урокі мінулага кажуць аб тым, што татальны кантроль над цэнамі прыводзіць да знікнення тавараў з паліц крам. Таму хочацца спадзявацца, што да такога жорсткага цэнавага кантролю справа не дойдзе”, — адзначыла навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Марыя Акулава.

Да таго ж, дадала яна, беларускі бізнес цяпер моцна церпіць з-за высокай эканамічнай і палітычнай нявызначанасці.

„Гарызонт планавання камерцыйных арганізацый скараціўся да двух-трох месяцаў. У гэтых умовах спробы дзяржавы паўсюдна рэгуляваць цэны з’яўляюцца дадатковай перашкодай для прадпрыемстваў, якія і без гэтага цяпер перажываюць складаныя часы”, — канстатавала Акулава.

На думку экспертаў, дзяржаўны кантроль над цэнамі можа ўводзіцца толькі ў выключных выпадках.

„Дзяржава павінна рэгуляваць цэны манапалістаў. Таксама можна зразумець рэгуляванне цэн вясной гэтага года, калі ажыятаж на асобныя тавары правакаваў узніманне цэн. Калі дзяржава хоча дапамагчы маламаёмасным грамадзянам, то ў краінах з рынкавай эканомікай гэта робіцца шляхам адрасных выплат людзям з невысокім прыбыткам, і апошнія самі вызначаюць, што ім трэба купіць”, — адзначыла акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.

На яе думку, цяперашняя адміністрацыйная сістэма рэгулявання цэн не столькі дапамагае насельніцтву, колькі перашкаджае выбудоўваць бізнес і развіваць эканоміку.

„У крайніх выпадках адміністрацыйнае ўмяшанне можа прыводзіць да знікнення альбо дэфіцыту пэўных тавараў, якія вытворцам нявыгадна прадаваць па рэгуляваных цэнах. Спадзяюся, што да паўсюднага кантролю за цэнамі справа не дойдзе. У адваротным выпадку гэта можа прывесці да дэфіцыту”, — падкрэсліла Барнукова.

Фота: wikipedia.org