У Беларусі можа з’явіцца „падатак на багацце”



Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных лічыць, што ў Беларусі рана ці позна давядзецца ўводзіць прагрэсіўную шкалу падаходнага падатку. 

„Другое – падатак на нерухомасць. Гэта значыць, калі чалавек мае некалькі кватэр або дамоў, або 10 машын і гэтак далей, тут таксама павінны быць прагрэсіўныя стаўкі падатку. Думаю, мы ў гэтым напрамку ідзем. Гэта напрамак, па якім рухаецца ўвесь свет. Гэта будзе зроблена рана ці позна”, – упэўнены Андрэй Савіных.

Як паведамляла БЕЛТА, увядзенне прагрэсіўнай шкалы ставак па падаходным падатку – дыскусійнае пытанне.
Цяпер у краіне ўсталявана стаўка падаходнага падатку з фізічных асоб памерам 13 працэнтаў.

Раней у Беларусі ўжо прымянялася прагрэсіўная шкала ставак. Памер падаходнага падатку быў ад 9 працэнтаў да 30 працэнтаў, найбольшую колькасць грамадзян выплачвалі падаходны падатак па стаўцы 15 працэнтаў.

З асноўных мінусаў прагрэсіўнай шкалы, якая дзейнічала раней у Беларусі, эксперты адзначалі больш высокія затраты ў адміністраванні падаткаў як для грамадзян, так і арганізацый, а таксама патэнцыяльнае жаданне ўтаіць частку даходаў, каб выплачваць падатак па меншай стаўцы.

Беларускае Радыё Рацыя